Беларускі амбасадар у Маскве: Тэма стварэння расейскай базы ў Беларусі сышла


Амбасадар Беларусі ў Расеі Ігар Петрышэнка заявіў, што тэма расейскай вайсковай базы ў Беларусі на сёння не з’яўляецца актуальнай, а прапанова Польшчы размясціць на сваёй тэрыторыі амерыканскую бранетанкавую дывізію не нясе пагрозы для Беларусі.

Пра гэта Петрышэнка заявіў у інтэрвʼю РИА Новости.

«Тэма па расейскай базе сышла, і яна не актуалізавалася. У дачыненні да таго, што вы кажаце па дывізіі ЗША, гэта права суверэннай дзяржавы. Калі Польшча бачыць, што яе бяспека за кошт гэтага ўзрасце, то яна павінна дзейнічаць з улікам сваіх нацыянальных інтарэсаў, але ў той жа час і з улікам прынятых міжнародных прававых абавязкаў. Але калі ўлады нашай заходняй суседкі лічаць, што войска ЗША істотна дапаможа ёй у гэтым пытанні, то яны самастойна нясуць і адказнасць за гэтае рашэнне і перад сваімі грамадзянамі, і перад сусветнай грамадскасцю. Дадзеная мера не нясе непасрэднай пагрозы для Беларусі, але як любая вайсковая актыўнасць у нашых межаў і павелічэнне колькасці вайсковых кантынгентаў павышае ўзровень ваеннай небяспекі, – цытуе амбасадара РИА Новости.

Петрышэнка дадаў, што гэты фактар улічваецца ў беларускім вайсковым будаўніцтве і вайсковай супрацы ў рамках Саюзнай дзяржавы і АДКБ, аднак гэтыя крокі «не носяць экстранага характару».

«Беларусь старанна аналізуе сітуацыю, і я думаю, тыя адэкватныя меры, якія неабходна прымаць, яны будуць прымацца спецыялістамі», – адзначыў ён.

Цікава, што заява Петрышэнка адрозніваецца ад таго, што сёлета ў студзені казаў Уладзімір Макей. Тады кіраўнік МЗС не выключаў магчымасці стварэння расейскай базы ў якасці адказу на стварэнне амерыканскай базы ў Польшчы.

«Няма нічога немагчымага. На сённяшні дзень мы не збіраемся размяшчаць новыя замежныя вайсковыя базы на тэрыторыі Беларусі, таму што мы хочам спрыяць бяспецы ў нашым рэгіёне, і мы не хочам быць парушальнікамі спакою. Але гледзячы ў будучыню, мы мусім улічваць будучыя крокі, якія будуць зробленыя нашымі суседзямі», – адзначыў тады міністр.

Тэма размяшчэння расейскай вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі абмяркоўваецца з 2013 года. Расейскае вайсковае кіраўніцтва заяўляла пра намер стварыць у Беларусі авіябазу (у Баранавічах, Лідзе або Бабруйску) і што гэтае пытанне ўжо амаль вырашана. Аднак восенню 2015 года Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусі не патрэбны замежныя вайсковыя базы.

Перыядычна ў прэсе і сярод экспертнай супольнасці тэма вайсковай базы РФ в Беларусі зноў пачынае абмяркоўвацца. У прыватнасці некаторыя палітолагі выказвалі думку, што Масква павялічыць ціск на Менск па гэтым пытанні ў другой палове 2018 года.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў