Беларускі алігарх атрымаў права на экспарт расейскага вугалю ва Украіну


Кампанія NT Marine, блізкая да беларускага бізнесоўца Мікалая Варабʼя, атрымала квоты на пастаўку больш за 600 000 тонаў расейскага вугалю ва Украіну. Раней вугаль з Расеі прадавалі самі вытворцы, атрымліваючы дазволу ў Мінэканамразвіцця. Пра гэта піша РБК.

Кампанія NT Marine, зарэгістраваная ў Эстоніі, атрымала дазвол на пастаўку больш за 600 000 тонаў вугалю з Расеі на Украіну (крыху менш за 50% усіх паставак) у снежні 2019 года. Квоты на папярэдні месяц былі размеркаваны выключна паміж расейскімі вытворцамі.

Паводле эстонскага рэестра, уладальнікам NT Marine зʼяўляецца Аляксей Чулец, які разам з расейскім партнёрам валодаў Паўночным портам Палдыскі ў Эстоніі. Таксама ў NT Marine ёсць расейская «дачка» «Юларус», якая займаецца гандлем паліва.

NT Marine займаецца перавозкай нафты і вугалю на Украіну і ўваходзіць у сферу інтарэсаў беларускага алігарха Мікалая Варабʼя, паведамляюць крыніцы РБК.

«Расейская чыгунка выконвае заяўкі на перавозку вугалю ў асноўным толькі гэтай кампаніі – NT Marine AS. Яна звязаная з інтарэсамі Мікалая Варабʼя, беларускага алігарха», – заявіў кіраўнік украінскага Незалежнага саюзу гарнякоў Міхаіл Валынец, па дадзеных якога Варабей падтрымлівае стасункі з украінскім палітыкам Віктарам Медведчуком.

Крывавы вугаль. Хто ў Беларусі зарабляе на пастаўках антрацыту з Данбасу?

Паводле спісу квотаў на лістапад і снежань, Расея пастаўляе на прадпрыемствы Украіны 1,2-1,3 млн т вугалю і коксу ў месяц. Пры бягучых цэнах на вугаль ($ 85-100 за т) выручка NT Marine у выпадку паставак расейскага вугалю на працягу года можа скласці $ 50 млн.

  • Мікалай Варабей займае 16-е месца ў рэйтынгу самых паспяховых і ўплывовых бізнесоўцаў, што рэгулярна складае выданне «Ежедневник». Ён нарадзіўся на тэрыторыі Украіны, скончыў Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт, у Беларусі жыве з канца 80-х. Ягоны бізнес – гэта продаж нафтапрадуктаў, лагістыка, банкаўская справа, нерухомасць, імпарт аўтамабіляў. Саўладальнік лагістычнага цэнтру «Брэміна груп», валодае «Абсалютбанкам» і Нафтабітумным заводам.
  • У 2018 годзе Беларусь нечакана стала адным з найбуйнейшых экспарцёраў вугалю ў Еўропу і Украіну. Годам раней абʼем экспарту вугалю ва Украіну быў у 980 разоў меншы. Журналісты і эксперты ўпэўненыя, што беларускія кампаніі набываюць у Расеі вугаль вывезены з Данбасу. З украінскай мытнай статыстыкі за 2018 год вынікае, што пастаўкамі вугалю ва Украіну займаліся 4 зарэгістраваныя ў Беларусі кампаніі: гомельскія ТАА «Бизнес-Альянс» (80,26 тысяч тонаў) і ТАА «Транс-Уголь» (46,29 тысяч тонаў), ТАА «Экойл Кемикл» (27,07 тысяч тонаў) з Полацкага раёну ды ТАА «ЭколайнСистемс» (20,11 тысяч тонаў) з Менску.

Неспадзяванка ад статыстыкі: Беларусь – вугальная дзяржава?

ІІ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары