Беларуская шматкватэрная «элітка» – тое, чаго амаль не існуе: няма попыту

Наталля
Літоўская
Экспертка ў нерухомасці

Гады тры таму бачыла пост – крык душы беларускага айцішніка: не будуюць у Менску якаснага жытла. З нізкашчыльнаю забудоваю, з вялікай утульнаю тэрыторыяй, з выразнай архітэктураю, з дварамі без аўтамабіляў і паркам побач, з інфраструктурай у крокавай даступнасці, з прасторнымі кватэрамі, дзе высокія столі і выдатная шумаізаляцыя. Насамрэч ён апісваў класічную формулу элітнага жытла. І сапраўды, шматкватэрнага жытла, якое падпадае пад гэтае апісанне на 100 %, у Менску вельмі і вельмі мала.

Хоць уласна панятак «элітнае жытло» шырокі. Нехта лічыць, што «элітка» не можа быць 25-павярховаю. З ім спрачаюцца: пентхаусы ў Мангэтане цалкам сабе «элітка», і там 1200 квадратных метраў з басейнам на вышыні 60-га паверху – мара мільёнаў.

Нехта сцвярджае, што элітнае жытло можа быць толькі ў цэнтры (лакацыя вызначае ўсё!). Але ў шмат якіх развітых еўрапейскіх гарадах панятак «жыць у цэнтры» з элітнасцю наўпрост не звязаны. Напрыклад, у Берліне самыя дарагія раёны не ў пешай даступнасці ад Брандэнбургскай брамы. Дакладна не падлягаюць сумневу такія фактары, як архітэктура/вышыня столяў, невялікая колькасць суседзяў у доме, уласная тэрыторыя, падземны паркінг, якога хапае на ўсе аўты жыхароў, наяўнасць паркавай зоны побач і развітая інфраструктура.

У Менску рэгулярна нешта будавалася і прадавалася з рэкламнымі слоганамі «элітнае», «прэміум», «унікальнае» і нават «для VIP».

Першыя постсавецкія «эліткі» цяпер з цяжкасцю можна аднесці да камфорткласу. Тыя жа новабудоўлі на Заслаўскай, першыя дамы ў раёне «пыжыкавых шапак» на Захарава-Пуліхава, будынкі з чырвонай цэглы ля санцыі метро «Уручча».

Потым як элітнае падавалі Славянскі квартал на Пераможцаў, дом Чыжа ля Траецкага прадмесця, ЖК «Аквамарын» на Філімонава. Гэтыя ЖК атрымаліся досыць шчыльнымі, але і цяпер лічацца прэстыжнымі – найперш дзякуючы лакацыі.

ЖК «Парк Чалюскінцаў» ад «Dana Holdings» – элітны раён у сталіцы

Нярэдка пасля шумнай рэкламы выходзіла нешта больш сціплае, чым чакалася. Напрыклад, ЖК «Прэстыжына» – (адна назва чаго вартая). Выйшаў сучасны комплекс у цэнтры гораду, з падземным паркінгам, закрытаю тэрыторыяй, дваром без аўтамабіляў. Але архітэктура трывіяльная, шчыльнасць досыць высокая (у дамах ёсць аднапакаёвыя 50-метровыя кватэры). Камфортклас, не «элітка».

Як прэстыжнае жытло рэкламаваўся «D3» у канцы праспекту Пераможцаў. Тры шматпавярховікі забяспечваюць панарамныя віды на кальцавую і вадасховішча. Зрэшты, няма сваёй тэрыторыі (нельга ж сур’ёзна лічыць дзіцячую пляцоўку на стылабаце дваром). Дый суседзяў зашмат.

Побач дабудавалі «Алімпік Парк». Яго якраз не пазіцыянавалі як элітны ЖК. Хоць заказнік побач, уласны ФАК і малая паверхавасць з агароджанаю тэрыторыяй правакавалі маркетолагаў на рэкламны пафас. Але яны абмежаваліся словам «унікальны». Каб не злаваць суграмадзянаў. Сапраўды, толькі ў гэтым унікальным выпадку забудоўніку дазволілі заняць частку тэрыторыі адзінага ў Менску заказніку. Строга кажучы, тут сапраўды элітныя катэджы. Аднолькавыя шматкватэрнікі да гэтага звання ледзь-ледзь не дацягваюць.

Ашуканыя надзеі: што прадавалася як «элітнае»

Усё, што будавала «Dana Holdings», падавалася на першым этапе як элітнае. Каналы, гандолы, швейцары ў шыкоўных парадных уваходах ператварыліся ў невыразныя шматпавярхоўкі, што стаяць упрытык. Жылыя комплексы практычна без двароў, з суцэльнымі паркінгамі на кожным вольным лапіку зямлі.

Схема была традыцыйнаю: высокі цэннік на старце, прыгожыя карцінкі, пераробка праекту – спрошчаныя карцінкі – дэмакратычны цэннік – яшчэ раз перароблены і ўшчыльнены праект – і вал прэтэнзіяў праз якасць будаўніцтва.

Але не толькі «Dana Holdings» падманвала чаканні дольнікаў. Згадайце, як рэкламавалі «Менск-сіці», які расейцы абяцалі пабудаваць на месцы старога аэрапорту. Паставілі некалькі «панэлек» і закругліліся.

А як гучала «першы ў Беларусі жылы хмарачос «Ветразь»?

Комплекс «Поры года» на Кісялёва дык зусім стаў «элітным» даўгабудам – узводзілі аж 13 гадоў. І хоць каля дому ёсць усе прыкметы элітнасці (лакацыя, плошчы кватэраў, вышыня столяў, дарагое аздабленне холаў і г. д.), састарэлы дызайн і «дрэнная» гісторыя паставілі пад сумнеў прэстыжнасць жылога комплексу.

Элітным стартаваў і яшчэ адзін даўгабуд, што дабудоўваецца цяпер УКБ: «Лазурыт» ля «Менск-арэны». Пры першым забудоўніку дольнікам абяцалі «касмічную» архітэктуру, 4-метровыя столі ў кватэрах і гатэль у цэнтральнай секцыі. Цяпер гэта даволі сумны, але маштабны будынак, дзе нетыповымі будуць толькі пентхаусы. А на першых паверхах – і зусім філіял гарадской паліклінікі.

І ўсё-такі яна існуе

Асабняком стаяць малапавярховікі на Язмінавай – ЖК «Язмінавая-1» і «Парк-Сіці». Тут ёсць і свая закрытая тэрыторыя, і нізкая шчыльнасць заселенасці, і Сляпянская водная сістэма з лесам паблізу, і інфраструктура побач. Прыстойныя парадныя ўваходы, высокія столі. Архітэктура са старту састарэлая, планіроўкі не ўва ўсіх кватэрах удалыя (напрыклад, на 170 квадратных метраў – адзін паасобны санвузел). Але агулам гэтыя ЖК – з першых, якія адпавядалі панятку «элітныя».

Такі квартал ёсць каля Драздоў. Да элітнага можна аднесці шасціпавярховы клубны дом на Чарвякова. Тут усяго 24 кватэры, пры гэтым падземны паркінг разлічаны на 40 аўтаў. Тэрыторыя абгароджаная, холы прыстойныя, парк і інфраструктура – у наяўнасці.

Новая Баравая. 6 студзеня 2021 года. Фота: АК / «Белсат»

Элітнымі зусім без нацяжкі можна назваць і прыхаваныя ў дварах ля плошчы Перамогі клубныя дамы. Дакладней, тры малакватэрныя дамы на Румянцава 3, 5, 7. Побач пасольскія асабнякі, у пешай даступнасці парк Горкага і ўзбярэжжа Свіслачы. Абгароджаная тэрыторыя, падземны паркінг. Цяпер там самыя дарагія квадратныя метры ў краіне – ад 5000 долараў. Кватэры з пазалотай і кафляй ад Вэрсачэ каштуюць ад 1,1 мільёна долараў. Гэтыя дамы будаваліся без рэкламы і помпы «для сваіх». У асноўным – «кіраўнікоў» (чытай чыноўнікаў) і расейскіх бізнесоўцаў.

Каму наагул патрэбная «элітка»?

Адсутнасць прыкметнай колькасці элітных шматкватэрнікаў тлумачыцца проста. Попыт нізкаваты. Менск – Нью-Ёрк. Мультымільянераў мала, ці ёсць хоць адзін мільярдэр, невядома, а зямлі насамрэч дастаткова. Уладальнікі бізнесаў і замежнікі, якія вядуць бізнес на дзве краіны, імкнуцца будаваць уласныя дамы: балазе нават у Менску ёсць такая магчымасць (у Вяснянцы, Ржаўцы, за Нацыянальнаю бібліятэкаю, ля Цнянскага вадасховішча), не кажучы аб прадмесці. Дый афішаваць даходы ў нас пакуль небяспечна. Нічога не прадвесціць, што попыт на элітнае жытло вырасце. Якая эканоміка, такая і «элітка».

Чаго не чакаем у 2021-м ад рынку жылля?

Наталля Літоўская belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў