Беларуская мова ў войску – адказ на расейскую агрэсію?


Беларусізацыя адваёўвае новыя абшары. У газеце «Звязда» зʼявіўся артыкул з вайсковымі камандамі па-беларуску. Публікацыя выклікала шырокі рэзананс.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага згуртавання вайскоўцаў, маёр у адстаўцы Алесь Станкевіч, лічыць, што цешыць сябе надзеямі на сурʼёзныя змены дзяржаўнай палітыкі ў гэтай сферы не варта.

«Гэта чарговая гульня. Асабліва нічога не адбудзецца. Трэба перад выбарам трошкі даць нейкую слабінку, прывабіць для сябе людзей. Бо вось у мяне ў руках кніжка, якая ўжо больш 20 год выдадзена спадарамі Чыславам і Суднікам, афіцэрамі з БЗВ», – упэўнены Алесь Станкевіч, заснавальнік Беларускага згуртавання вайскоўцаў.

Слоўнік утрымлівае 8.000 словаў і словазлучэнняў з сучаснай вайсковай і побытавай лексікі. Нямала прызыўнікоў дамагаліся, каб гэтая кніга выкарыстоўвалася ў войску. Зміцер Хведарук, які намагаўся служыць па-беларуску, распавёў, што самі статуты ды іншыя вайсковыя дакументы дагэтуль недасяжныя на роднай мове.

«На запыты да афіцэраў аб прадстаўленні адпаведных матэрыялаў, яны кажуць, што Міністэрства абароны такіх не мае і адпаведна не можа іх прадставіць. То бок чалавек, па факце, калі хоча выконваць усе распараджэнні, мусіць карыстацца расейскай мовай альбо ісці на дастаткова вялікую рызыку, карыстаючыся ўласнаўтворанымі на думку афіцэраў і камандавання загадамі», – распавядае Зміцер Хведарук, грамадскі актывіст.

Небяспека з Расеі

Грамадскі актывіст мяркуе, што папулярызацыя беларускай мовы ў войску можа быць звязаная з небяспекаю выкарыстання Расеяй у нашай краіне крымска-данбаскага сцэнару.

«Безумоўна, беларускае камандаванне хутчэй за ўсё пачынае задумвацца аб тым, што калі войска не стане раптам беларускім, то нас можа напаткаць такі самы лёс, які напаткаў вайсковыя часткі на ўсёй тэрыторыі Украіны», – мяркуе Зміцер Хведарук.

Беларусы падтрымліваюць беларусізацыю

Жыхары сталіцы ідэю беларусізацыі войска пераважна падтрымліваюць.

«Даўно пара, бо, як свядомыя беларусы, павінны ведаць і сваю мову, і на ёй размаўляць», – кажа мужчына. «Дрэнна размаўляю па-беларуску, таму для мяне гэта б было вельмі дрэнна», – звяртае ўвагу мінак.

«Беларуская мова прыгожая, чаму б не? Свая нацыянальная самасвядомасць», – дзеліцца меркаваннем малады хлопец.

Нягледзячы на тое, што да кардынальных зменаў рыхтавацца пакуль не выпадае, рэзананс, які выклікаў матэрыял, пойдзе на карысць беларускаму грамадству.

Валерыя Уласік, «Белсат»

Стужка навінаў