Беларуская міліцыя зацікавілася польскім досведам у падрыхтоўцы паліцыянтаў


На гэтым тыдні дэлегацыя Міністэрства ўнутраных справаў назірае за заняткамі ў Вышэйшай школе паліцыі ў Шчытна.

15-18 траўня намеснік міністра ўнутраных справаў Аляксандр Далідовіч, кіраўнік вучэбнага цэнтру Дэпартаменту аховы МУС Ігар Абярэмка, старшыня Менскага гарадскога ўпраўлення Дэпартаменту аховы Юрый Федарэнка і старэйшы інспектар па асобых даручэннях галоўнага ўпраўлення кадраў Міністэрства ўнутраных спраў Мікалай Ванецкі знаходзяцца з візітам у Вышэйшай школе паліцыі ў горадзе Шчытна. Цэль паездкі беларускіх міліцыянтаў – абмяркаваць з польскай вучэльняй «магчымую вучэбную супрацу» з беларускімі сілавікамі.

Беларускія афіцэры міліцыі ўжо азнаёміліся з дыдактычна-навуковай базай школы, бібліятэкай, сімулятарам дзеянняў паліцыі ў крызісных сітуацыях, цірам і спартовым залам. Таксама дэлегацыя з Беларусі паўдзельнічала ў занятках па тым, як вядуць сябе паліцэйскія медыкі на масавых акцыях.

Прадстаўнікам беларускага МУС паказалі цір Вышэйшай школы паліцыі ў Шчытне

Старонка вучэльні падае, што гасцей з Беларусі чакае дыскусія на тэму падрыхтоўкі паліцэйскіх кадраў і сістэмы адукацыі паліцыянтаў у Польшчы. Напрыканцы паездкі беларусы возьмуць удзел у практычных занятках Школы ды пазнаёмяцца з Аналітычна-даследчым цэнтрам паліцыі.

  • У 2008–2011 гадах каля 500 супрацоўнікаў беларускай міліцыі і памежнікаў прайшлі навучальныя семінары, арганізаваныя нямецкай паліцыяй.

ДД

Стужка навінаў