Беларуская гуманітарка – гімнастычныя абручы, лядоўні і дзіцячая вопратка. Каму мы дапамагаем?


За дастаўку гуманітарных грузаў у Беларусі адказвае МНС. Цягам апошніх гадоў беларускія ратавальнікі адправілі дзясяткі тонаў прадуктаў харчавання, вопраткі, мэблі ды бытавой тэхнікі ў Сірыю, Украіну, В’етнам, Эквадор, Курдыстан і Расею.

У Сірыю Беларусь адправіла ўжо 4 гуманітарныя грузы. Апошні даставілі напрыканцы снежня мінулага года. На распараджэнне беларускага ўраду ў Сірыю перадалі два самазвалы МАЗ, аўтобус МАЗ, спартовыя трэнажоры, лекі, штучныя клапаны сэрца, сухое малако і медычныя ложкі.

Барысаўскі завод пластыкавых вырабаў адправіў у Сірыю гімнастычныя абручы.

Гімнастычныя абручы для сірыйскіх дзяцей. Фота – mchs.gov.by

У 2017 годзе Беларусь адправіла ў Сірыю 30 000 упаковак дзіцячых сумесяў «Беллакт», тушонку, дзіцячы абутак і вопратку.

А вось так сустракалі беларускі Іл-76 з гуманітарным грузам на борце ў 2016 годзе на вайсковай авіябазе «Хмэймім».

Некалькі разоў беларускія МЧСнікі дастаўлялі груз і на Данбас

44 лядоўні «Атлант», школьныя парты і шафы, а таксама прадукты харчавання выгрузілі летась Харкаве, Краматорску і Севераданецку.

Годам раней беларускую гуманітарку даставілі ў прадстаўніцтва Чырвонага Крыжа ў Кіеве.

На сайце МНС Беларусі можна знайсці кароткія справаздачы аб аказанні ў 2015 годзе гуманітарнай дапамогі Іраку (аўтаномія Іракскі Курдыстан). У 2016 годзе 50 тонаў гуманітаркі з Беларусі даставілі ў Эквадор, дзе адбыўся моцны землятрус. У 2018 годзе беларусы дапамаглі Вʼетнаму, які перажыў некалькі моцных трапічных тайфунаў.

Беларускі гуманітарны груз даставілі ў В’етнам

А ў 2013-м беларускі гуманітарны груз прывезлі ў расейскі Благавешчанск. Тады ў выніку наваднення былі эвакуяваныя каля 100 населеных пунктаў Амурскай вобласці.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў