Беларуская дзяржава зноў хоча набыць украінскі «Сбербанк». Але цяпер без удзелу Шэймана


«Парытэтбанк» падаў у Нацыянальны банк Украіны пакет дакументаў для набыцця «Сбербанку». Гэта ўжо другая спроба беларускага дзяржаўнага банку набыць украінскую дачку «Сбербанку».

«У нас было дастаткова часу, каб уважліва вывучыць патрабаванні рэгулятара Украіны і належным чынам падрыхтавацца да ўдзелу ў пагадненні», – пракаментаваў сітуацыю старшыня праўлення Парытэтбанку Сяргей Бялоў.

«Сбербанк» (Украіна) належыць расейскаму «Сбербанку» і ўваходзіць у топ-7 украінскіх банкаў. Размовы аб яго продажы актывізаваліся пасля ўвядзення ўкраінскім урадам санкцыяў, якія, у прыватнасці, забараняюць расейскаму банку праводзіць аперацыі на карысць матчыных структураў.

Вясною беларускі «Парытэтбанк» (15-й банк у Беларусі па памерах актываў), які да нядаўняга часу належыў Кіраўніцтву справамі прэзідэнта, ужо спрабаваў набыць украінскі «Сбербанк». У сакавіку паведамлялася, што «Парытэтбанк» нават застаўся адзіным прэтэндэнтам на гэты актыў, аднак здзелка сарвалася – Нацбанк Украіны адмовіў беларусам нібыта ў сувязі з неадпаведнасцю заяўніка патрабаванням заканадаўства Украіны.

У чым канкрэтна была неадпаведнасць – не ўдакладнялася. Але паводле расейскага выдання «Коммерсант» адзінай праблемай у здзелцы магла стаць фігура кіраўніка справаў прэзідэнта Віктара Шэймана, які застаецца пад санкцыямі Захаду праз падазрэнне ў датычнасці да выкраданняў і забойстваў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага.

У канцы траўня 2018 гадоў ў «Парытэтбанку» змяніўся ўласнік – 99,83% акцый банка, якімі раней валодала Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, перайшлі Дзяржаўнаму камітэту па маёмасці. Верагодна, банк вывелі з-пад кантролю ведамства Віктара Шэймана менавіта дзеля таго, каб галоўная перашкода для набыцця «Сбербанку» знікла.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў