Беларуская чыгунка ў 2016 годзе не будзе вазіць пасажыраў у Крым


Беларуская чыгунка не будзе рабіць пасажырскіх перавозак у Крым у летнім сезоне 2016 года, заявіў начальнік аддзелу пасажырскай службы ўпраўлення Беларускай чыгункі Дзяніс Танканог у панядзелак на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Ён нагадаў, што ў летні перыяд да мора ў напрамку Украіны цягнікі з Беларусі будуць курсаваць да Херсону, Адэсы і Новааляксееўкі.

«Крым, вядома, забяспечыць не можам, гэта не ў нашых сілах», – сказаў Танканог.

Як паведамлялася, цягнікі з Беларусі да Сімферопалю курсавалі да снежня 2014 года. Цяпер турысты, якія хочуць адпачыць у Крыме, мусяць ехаць туды на аўтобусах турфірмаў праз тэрыторыю Расеі ці самастойна на самалёце з перасадкай у Маскве.

Глядзіце яшчэ >>> На ялцінскім пляжы павесілі плакаты, якія паказваюць асноўныя прыкметы «быдла» 

У сакавіку 2016 года прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзмітрый Мірончык нагадаў, што пры планаванні паездкі ў Крым у сезон 2016 года неабходна зыходзіць з таго, што ўезд-выезд на паўвостраў праз тэрыторыю мацерыковай Украіны з турыстычнымі мэтамі – немагчымы.

«Пры наведванні Крыму праз тэрыторыю Расейскай Федэрацыі грамадзянам Рэспублікі Беларусь варта мець на ўвазе, што гэта можа паслужыць падставай для адмовы ва ўездзе названым грамадзянам на тэрыторыю Украіны і прыцягнення іх да адміністрацыйнай адказнасці ў адпаведнасці з украінскім заканадаўствам», – адзначыў Мірончык.

МЯ, interfax.by

Стужка навінаў