Беларуская армія – сучасны стан і выклік якаснай трансфармацыі


Жаўнеры выконваюць задачы па выяўленні і знішчэнні праціўніка. Фота REUTERS/Vasily Fedosenko

Беларусь мае доўгую і слаўную вайсковую гісторыю – ваяры Полацкага княства бралі Ноўгарад і баранілі сваю самастойнасць ад Кіева і татар, баяры і рыцары Вялікага княства Літоўскага пашыралі межы дзяржавы да Чорнага мора, сыны гэтай зямлі змагаліся ў войсках Тадэвуша Касцюшкі, Напалеона, паўставалі супраць Расейскай імперыі, вызначыліся мужнасцю ў змаганні з камуністамі і нацыстамі ў 20 стагоддзі.

28 год адроджанай незалежнасці

Новая эпоха беларускай вайсковасці пачалася 20 верасня 1991 году, калі праз месяц пасля жнівеньскага пракамуністычнага путчу ў Маскве было вырашана стварыць самастойныя Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. Адпаведны дакумент падпісаў тагачасны старшыня парламенту і лідар краіны Станіслаў Шушкевіч.

Афіцыйна ж днём стварэння беларускага войска лічыцца 20 сакавіка 1992 году.

Армія стваралася на базе гіганцкай па сілах і колькасці разнастайнай баявой тэхнікі Беларускай вайсковай акругі – тут служылі 280 тысяч чалавек. Фактычна на кожныя 43 беларуса прыходзіўся 1 чалавек з калашнікавым.

У савецкі час менавіта тэрыторыя Беларусі была своеасаблівым палігонам для засваення новых узораў узбраенняў – з аднаго боку тут было адносна блізка да патэнцыяльнага фронту вайны з НАТО, з іншага – не так блізка, каб за падвойнай жалезнай заслонай узнікала вялікая пагроза рассакрэчвання важнай інфармацыі. Напрыклад, вядомыя зараз зенітна-ракетныя комплексы С-300 упершыню праходзілі выпрабаванні як раз у Беларусі.

Сярод астатняга Беларусі дасталіся 3971 танк, 4020 больш лёгкіх браніраваных машын, амаль 400 баявых самалётаў, 78 ударных верталётаў.

Чалец NATO будзе набываць расейскія ЗРК С-400. ЗША разводзіць рукамі

Пагрозы ад Расеі тады ніхто, акрамя беларускіх нацыяналістаў, не чакаў, да таго ж у бюджэце нованароджанай дзяржавы не было сродкаў на ўтрыманне такой армады. Таму было вырашана армію радыкальна скараціць, а вялікую частку ўзбраення прадаць, вывесці ў Расею ці ліквідаваць.

Зараз, згодна з афіцыйнай інфармацыяй, Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь зараз маюць больш за 46.000 вайскоўцаў, 1.300 танкаў, 1.900 баявых браніраваных машын, 15 баявых верталётаў, 63 баявыя самалёты і амаль 1.100 адзінак артылерыі калібрам больш за 100мм.

Тэхнічны стан і падрыхтоўка

У параўнанні з суседзямі, якія ўвайшлі ў НАТО, Беларусь мае дастаткова вялікія сілы.

Гэтак, Латвія мае рэгулярнае войска ў 5.500 чалавек, і не мае ані танкаў, ані баявых самалётаў. Войска Літвы складаецца з 19.000 чалавек і таксама не мае ані танкаў, ані крылатай баявой авіяцыі. Неба над імі патрулюе авіяцыя хаўруснікаў па НАТО.

Параўнальныя сілы мае Польшча – больш за 100.000 вайскоўцаў, каля 1.000 танкаў, у тым ліку Leopard 2 A4 і A5, 98 баявых самалётаў.

Лукашэнка заявіў пра гатовасць да дыялогу з NATO

Але ёсць фактары, якія тут граюць не на карысць Беларусі. Так, яна мае шмат добрай баявой тэхнікі, але гэта была дастаткова сучасная тэхніка для 1992 года. З таго часу прайшло 27 год – а ўвесь гэты час наша армія жыла амаль на галодным пайку.

У апошнія гады дзяржава аддае на закупку новай тэхнікі, на ўтрыманне ўжо існуючай, на паліва, снарады і кулі, на вайсковую ўніформу і заробкі вайскоўцам – $500 -600 мільёнаў у год (у залежнасці ад курсу долара).

Гэта менш, чым ваенныя бюджэты і Латвіі (каля за $700 мільёнаў), і Літвы ($1,062 млрд). Параўнання з Польшчай ($12,2 млрд) мы ўвогуле не вытрымліваем.

Таму армія Літвы, напрыклад, пераўзбройваецца новымі нямецкімі бронетранспарцёрамі Boxer і самаходнымі гарматамі PzH 2000, а Польшча мае сучасныя знішчальнікі F-16C/D, якія могуць несці дальнабойныя ракеты AGM-158 JASSM. Наяўнасць гэтых ракетаў у прынцыпе дазваляе польскім самалётам нанасіць удары без заходу ў сферу дзеяння эфектыўнай супрацьпаветранай абароны любой суседняй краіны.

Да таго ж, гэтыя арміі перайшлі на стандарты НАТО, таму могуць цалкам карыстацца адзінымі сістэмамі кіравання і лагістыкі НАТО.

І хоць палітычныя сувязі ўнутры НАТО могуць даваць пэўныя збоі, двухбаковыя кантакты з тымі ж ЗША гарантуюць высокую ступень бяспекі гэтых краін.

Тое, што пры недастатковым фінансаванні беларуская армія вельмі актыўна вядзе вучэнні і лічыцца адной з найбольш баяздольных і падрыхтаваных ва Усходняй Еўропе – заслуга нашых генералаў і афіцэраў, а таксама праява тых нацыянальных якасцяў, якія адзначаліся за беларусамі яшчэ ў савецкай арміі.

Як і прыбалты, беларусы сур’ёзна ставяцца да любой справы, якой пачынаюць займацца. І стараюцца быць прафесіяналамі нават на безграшоўі і на старой савецкай тэхніцы.

Амбасадар Беларусі ў Бруселі: NATO – гэта школа, і ў гэтай школе не кепска было б павучыцца

Гэтак, у Беларусі не засталося ад СССР вучэльняў пілотаў баявой авіяцыі, і беларускія пілоты спачатку вучыліся ў Расеі. Але з 2006 года тэхнічныя і чалавечыя рэсурсы былі падрыхтаваныя да таго, каб пачаць вучыць пілотаў ужо ў Беларусі.

Тое ж самае датычыцца і падрыхтоўкі афіцэраў і генералаў іншых радоў войск – чым далей, тым болей яны вучацца ў Беларусі, а не ў Расеі, дзякуючы стварэнню ў самой Беларусі адпаведных навучальных устаноў (напрыклад, факультэт Генеральнага Штабу ў Ваеннай акадэміі быў створаны ў 2006 годзе).

Выклікі новага часу

Сучасная беларуская армія генетычна звязаная з СССР і ў сучасных умовах не спяшаецца вярнуць сабе нармальнае беларускае аблічча.

У пэўнай ступені яна, як хамелеон, сапраўды мімікруе пад савецкую і расейскую армію.

Для чаго ёсць і ўнутраныя, і знешнія прычыны.

Першая ўнутраная прычына да гэтага – палітычны рэжым, які ў лепшым выпадку не надта замінае развіваць нацыянальнае пачуццё, а ў цэлым проста баіцца беларускага нацыяналізму і выкарыстоўвае яго пераважна як сродак для супрацьвагі ўплыву Крамля ў краіне.

Былы кіраўнік NATO: «Беларусь чакае вайна і анексія»

Другая прычына – слабасць недарэфармаванай беларускай эканомікі, якая няздольная ў дастатковым абʼёме задавальняць патрэбы нацыянальнай абароны. У выніку асноўную частку новай тэхнікі – бронетранспарцёры, танкі, самалёты, верталёты – беларуская армія атрымлівае з Расеі па больш-менш ільготных коштах. Для гэтага і арміі, і ўсёй дзяржаве трэба выглядаць адносна прарасейскімі.

І беларуская армія сапраўды нават у самой Беларусі лічыцца даволі прарасейскай сілай у выніку сваёй савецкай спадчыны і апошніх 22 год дзяржаўнага змагання з беларускасцю.

Гэтак на асноўнай старонцы галоўнай армейскай газеты «Во славу Родины» (так, яна дагэтуль не мае беларускамоўнага назову) аж да мінулага месяца стаялі спасылкі на газету Мінабароны Расеі і газету «Красная звезда» – выданне арміі той жа суседняй дзяржавы. У 2017 годзе сайт трохі перарабілі, і спасылкі на расейскія рэсурсы зніклі.

Такім чынам праблема нізкага даверу патрыятычнай моладзі да арміі дадаецца да праблемы фінансавання. А нізкі ўзровень прававой культуры ў аўтарытарнай дзяржаве ў цэлым прыводзіць да аднаўлення праблемы «дзедаўшчыны», што яшчэ больш бʼе па прэстыжу Узброеных Сіл.

Яшчэ ў 2017 годзе намеснік начальніка Генеральнага штабу Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Аляксандр Шкіренка заяўляў, што і прызыўнікоў беларускай арміі проста не хапае. Вялікі адсотак патэнцыйных прызыўнікоў атрымлівае адтэрміноўку з-за вучобы, па здароўі і па сямейных абставінах.

Хлопцам не хапае не толькі здароўя, але і матывацыі.

«Я пачынаю размову з прызыўніком, а ён мне кажа пра тое, колькі ён можа зарабіць грошаў за той час, калі будзе служыць у арміі», – распавядаў генерал.

І ўжо тады вайскоўцы і іншыя сілавікі прапаноўвалі ўводзіць нейкія ільготы і прэферэнцыі для тых, хто ўсё ж такі пойдзе на тэрміновую службу.

«Мы ўсе разам павінны падумаць, што трэба рабіць, каб малады чалавек па ўласным жаданні шоу служыць, каб яго не трэба было гнаць сілай у армію, у іншыя сілавыя структуры», – казаў тады старшыня камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу генерал-маёр міліцыі Валянцін Міхневіч.

Армія Беларусі пад чырвонай зоркай. Абароніць ад NATO ці ад Расеі?

У выніку афіцэры і генералы адзначаюць, што арміі не хапае і прызыўнікоў-шэрагоўцаў, і жадаючых вучыцца на афіцэраў – конкурс на большасць спецыяльнасцяў у Ваенную Акадэмію вельмі нізкі, прыкладна 1 чалавек на месца.

Такім чынам не толькі тэрміновая жаўнерская, але і афіцэрская служба ў беларускай арміі не зʼяўляецца прывабнай для падаўляючай часткі моладзі.

А нізкі конкурс проста не дазваляе кіраўніцтву ўстановы адбіраць для беларускага афіцэрства толькі самых адукаваных і здольных, што наўпрост уплывае ўжо на будучую баяздольнасць усіх Узброеных сілаў.

Такім чынам галоўныя праблемы беларускай арміі зараз – фінансаванне і матывацыя моладзі, без якой войска не мае будучыні.

А гэтыя праблемы немагчыма вырашыць без эканамічных рэформаў і без змены стаўлення кіраўніцтва краіны да ідэй беларускага нацыяналізму.

Хоць афіцыйны Менск паступова рухаецца ў гэтых накірунках, але тэмпы руху яўна недастатковыя.

Месяц NATO на «Белсаце»

Ад 6 сакавіка на Белсаце стартуе новы цыкл дэбатаў «Тэрыторыя праўды». Ток-шоу з удзелам міжнародных экспертаў гэтым разам засяродзіцца на дзейнасці NATO і супрацьстаянні Альянсу і Расеі. У ролі вядоўцы гледачы «Белсату» зноў пабачаць вядомую беларускую публіцыстку Святлану Калінкіну, да якой далучыцца не менш вядомы ўкраінскі журналіст Віталь Портнікаў. Глядзціце «Тэрыторыю праўды» цягам сакавіка кожную сераду а 21:25.

Віталь Портнікаў будзе весці міжнароднае ток-шоу на «Белсаце»

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары