Беларуская армія можа атрымаць беларускамоўныя маршы?


Вайсковыя музыканты думаюць над новымі творамі на тэмы беларускіх народных песняў, піша афіцыйнае выданне Мінабароны Беларусі.

Амаль увесь рэпертуар харавога спеву беларускіх жаўнераў і музыкі беларускіх вайсковых аркестраў складаецца з савецкай спадчыны часоў Другой сусветнай вайны і пасляваеннага перыяду. І амаль усе песні выконваюцца на расейскай мове, якая па факце застаецца адзінай статутнай у беларускім войску.

Аднак, верагодна, такая сітуацыя будзе мяняцца.

Прыгожы выступ аркестра Берасцейскай вайсковай камендатуры. 2014 год.

Гэтак на днях прайшоў навучальна-метадычны збор начальнікаў – вайсковых дырыжораў аркестраў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь.

«У якасці практычнай справаздачы пра сваю творчую дзейнасць кожны прадстаўнік аркестра прадэманстраваў аўтарскія творы ў жанры песні ці марша, якія былі напісаны на тэмы беларускіх народных песняў і сучасных твораў пра армію», – гаворыцца ў паведамленні.

Беларускія народныя песні не згадваліся ў аналагічных артыкулах пра зборы вайсковых дырыжораў у 2015 і 2016 гадах.

«Хутка яны зоймуць вартае месца ў рэпертуары музыкантаў у пагонах», – дадае карэспандэнт вайсковай газеты.

«Ваярскі марш» – гімн Беларускай Народнай Рэспублікі. Словы – Макар Краўцоў. Музыка Уладзімера Тэраўскага.

Адзначым, што беларуская вайсковая традыцыя ўжо мае свае маршы, аднак яны не выкарыстоўваюцца ў сучасным беларускім войску, бо звязаныя са змаганнем беларускіх патрыётаў супраць камуністычнай акупацыі.

Беларускія вайсковыя аркестры ўдзельнічаюць не толькі ў чыста вайсковых мерапрыемствах, але часта граюць на значных агульнадзяржаўных святах, падчас чыста культурніцкіх імпрэзаў. Нават частковая беларусізацыя іх рэпертуару такім чынам можа паўплываць не толькі на тых, хто абараняе незалежнасць краіны са зброяй у руках, але і на ўсё грамадства.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў