Беларуская АЭС можа патрапіць пад заходнія санкцыі


Атрымаць палітычную падтрымку ад Крамля. Гэтак адмыслоўцы ацэньваюць заявы Росатаму пра тое, што ім пагражаюць санкцыі захаду за ўдзел у крымскіх праектах.

Фізік-ядравік Георгі Лепін канстатуе, што нават калі такія санкцыі будуць уведзеныя, наўпроставых збояў у будаўніцтве астравецкай АЭС гэта не спрычыніць, бо ўсе свае тэхналогіі Росатам вырабляе сам.

«Кожная атамная станцыя мае шэраг асаблівасцяў. І ніхто іншы не проста не можа іх кампенсаваць, але проста ня мае на гэта права», – мяркуе Георгі Лепін.

На думку расейскага адмыслоўца Андрэя Ажароўскага, Росатам, які з’яўляецца глыбока стратнай карпарацыяй, спрабуе звярнуць на сябе ўвагу Крамля і, спекуляцыямі адносна магчымых санкцыяў, спрабуе здабыць больш субсідыяў ад уласнага ўраду. Але хоць патэнцыйныя заходнія абмежаванні супраць Росатаму астравецкай будоўлі не пагражаюць, асноўная пагроза ёй сыходзіць ад дзеянняў Менску.

«Беларусь сама сябе абклала санкцыямі, парушыўшы канвенцыі Оргус і Эспаа. Калі Літва адмовіцца купляць электраэнэргію з беларускай АЭС, то яна стане гэткай жа нерэнтабельнай, як і Калінінградская, якую з гэтай прычыны, перасталі будаваць», – запэўнівае фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі (Расея).

Між тым, шанцаў на балтыйскі экспарт усё менш. Пасля шматлікіх асцярогаў з боку літоўскіх дыпламатаў, партыя літоўскіх хрысціянскіх дэмакратаў – «Саюз айчыны», перадала ў сейм амаль 65 000 подпісаў у падтрымку забароны для Беларусі карыстацца літоўскімі электрасеткамі, у выпадку, калі АЭС запрацуе. Для разгляду закона парламентам дастаткова было нават 50 000 галасоў.

«Спадар Лукашэнка ня раз зазначаў, што ён гарантуе бяспеку АЭС. Ён што, галоўны адмысловец? Ён кіруе сітуацыяй? Я гарантую, што гэта хлусня. Такімі сітуацыямі ніхто не кіруе, тым больш людзі без якіх-небудзь кваліфікацыяў», – звяртае ўвагу Вітаўтас Ландсбергіс, былы кіраўнік літоўскага Сейму.

Галоўныя прэтэнзіі з боку ЕЗ выклікае адмова Менску правесці стрэс-тэсты на прадмет устойлівасці АЭС у выпадку патэнцыйных надзвычайных сітуацыяў. Менск абяцае іх правесці з 2012 году, але замест таго, каб зрабіць гэта паводле еўрапейскіх стандартаў, заявіў, што правёў сваю ўнутраную праверку, якая цалкам задаволіла як беларускія ўлады, так і расейскіх партнёраў.

Адмыслоўцы, аднак, падкрэсліваюць, што Росатам возіць міжнародныя дэлегацыі ў Беларусь, каб паспрабаваць прадаць эксперыментальную астравецкую мадэль атамнай станцыі яшчэ некаму. Але на сённяшні дзень, на ні разу не апрабаваную мадэль новага рэактара, якую вырабляе вытворца, што ніколі дагэтуль рэактараў не рабіў, пагадзіўся пакуль толькі афіцыйны Менск.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Стужка навінаў