Беларускаму «Радыё Рацыя» скарачаюць фінансаванне


Транспамежнае радыё з праграмамі на беларускай мове застанецца без часткі фінансавання. Гэта вынікае з інфармацыі аб падтрыманні арганізацыяў, якія прадстаўляюць нацыянальныя меншасці,апублікаванай на сайце Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы.

«Мы, як радыё, маем некалькі крыніцаў фінансавання. Гэта не ёсць агульнае фінансаванне, гэта сродкі толькі для перадачаў, якія робіць “Радыё Рацыя” для беларускай нацыянальнай меншасці на Падляшшы. У нас такіх пяць перадачаў – гэта “Падляшша родам”, “Падляскі тыдзень”, “Падляскі канцэрт пажаданняў”, “Палавіна краязнаўчых кропак” і перадача для дзяцей “Казкі малышам”», – паведаміў «Белсату» Юры Ляшчынскі, праграмны дырэктар радыё «Рацыя».

Фінансаванне зменшыцца з 200 да 120 тыс. злотых (прыкладна з $ 47 тыс. да $ 28 тыс.).

Тры гады таму Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы выдзяляла для «Радыё Рацыі» на перадачы для нацыянальных меншасцяў каля 250 тысяч злотых, летась – 200 тысячаў ($ 58 тыс.). І хоць у сувязі са скарачэннем фінансавання гэткія перадачы будзе рабіць цяжэй, журналісты радыё спадзяюцца, што налета ніводная з іх не будзе зачыненая.

Эфір «Радыё Рацыя» даступны у Беластоку, Горадні, Лідзе, Мастах, Берасці, Маларыце і шарэгу іншых гарадах. На беларуска-польскім памежжы «Радыё Рацыя»  ахоплівае тэрыторыю, якую насяляе каля 2,5 мільёна чалавек.

Віталь Бабін, belsat.eu

Стужка навінаў