Беларускамоўныя піраты і яшчэ 8 фільмаў, якія варта паглядзець на «Белсаце» ў красавіку


Сабралі для вас дакументальныя і мастацкія стужкі, якія можна глядзець у онлайне па-беларуску.

Кіно на тэлеканале «Белсат» можна глядзець праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4») або онлайн.

Справка

Кіно на «Белсаце» ў красавіку

7 красавіка

16:45 серыял «Чэрап і косці» (1-я серыя)

17:40 д/ф «Салідарнасць паводле жанчын»

13 красавіка

19:30 д/ф «Сексуальнасць тыранаў»

14 красавіка

17:50 д/ф «Прагназаванне злачынства»

16:45 серыял «Чэрап і косці» (2-я серыя)

20 красавіка

21:45 м/ф «Пачні зноў»

21 красавіка

16:45 серыял «Чэрап і косці» (3-я серыя)

24 красавіка

20:45 д/ф «Расшчэпленыя на атамы» (ч. 1)

25 красавіка

21:40 д/ф «Расшчэпленыя на атамы» (ч. 2)

26 красавіка

21:00 д/ф «Расшчэпленыя на атамы» (ч. 3)

28 красавіка

16:45 серыял «Чэрап і косці» (4-я серыя)

21:30 м/ф «У самае сэрца»

Джон Малкавіч – беларускамоўны пірат

XVIII ст. вядомае не толькі як час росквіту Брытанскай імперыі, але і як эра піратаў. Злачынцы не даюць спакою каралеўскаму флоту, апоры наймагутнейшай дзяржавы на свеце. Капітан піратаў Чорная Барада, якога грае Джон Малкавіч, – рэальны гістарычны персанаж, а сюжэт часткова заснаваны на сапраўдных падзеях. Прылада, якая дазволіць караблям дакладна арыентавацца ў бязмежнай пустэльні, пакладзе канец пірацтву. Брытанскі агент Томас Лоў мае загад не дапусціць, каб яна трапіла ў рукі Чорнага Барады.

Што за фільм: серыял «Чэрап і косці»

(мастацкі, рэж. Дэньел Этыяс (Daniel Attias), Кіяран Донэлі (Ciaran Donnelly), Дэран Сараф’ян (Deran Sarafian), Тэры МакДона (Terry McDonough), Стыў Шыл (Steve Shill), Дэйвід Слэйд (David Slade), 2014 г., ЗША)

Калі глядзець: кожную нядзелю красавіка і траўня, а 16:45

Ці любілі б мы ездзіць у Польшчу, калі б не гэтыя жанчыны?

Усё пачалося з таго, што польскія ўлады (тады яшчэ сацыялістычныя) паднялі цэны на мяса. А скончылася страйкамі па ўсёй краіне з патрабаваннем свабоды слова і рэформаў у эканоміцы ды ахове здароўя. І ўрад быў вымушаны пайсці насустрач. Так у Польшчы паўстаў першы незалежны прафсаюз «Салідарнасць».

Быў 1980 год. І Маскве гэта вельмі не спадабалася. Яна дамаглася ўвядзення ваеннага становішча і цкавання актывістаў. Прафсаюзы сышлі ў падполле. Гераіні фільму «Салідарнасць паводле жанчын» не варылі боршч, а змагаліся поруч з мужчынамі. Нягледзячы на пагрозы спецслужбаў арганізаваць смяротныя «няшчасныя выпадкі», разбурыць сем’і або забраць дзяцей. Дзякуючы гэтым жанчынам Польшча ў выніку стала свабоднай краінай, у якую мы так любім ездзіць на закупы.

Што за фільм: «Салідарнасць паводле жанчын»

(дакументальны, рэж. Марта Дзіда і Пётр Сьлівоўскі / Marta Dzido, Piotr Śliwowski, 2014 г., Польшча)

Калі глядзець: нядзеля, 7 красавіка, а 17:40

Сексуальныя адхіленні кіраўнікоў дзяржаваў

Параноікі, садысты, нарцыстычныя вычварэнцы, закамплексаваныя – усе найгоршыя тыраны ХХ ст. мелі праблемы, звязаныя з сексуальнасцю. Раманы з трагічным фіналам Адольфа Гітлера, тысячы нявінніц Мао Цзэ Дуна, донжуанізм Бэніта Мусаліні, хваравітая пачуццёвасць Сталіна… Прыватнае жыццё гэтых асобаў дазваляе лепей зразумець іх паводзіны, якія ўплывалі на сусветную гісторыю.

Што за фільм: «Сексуальнасць тыранаў» («La sexualité des Tyrans»)

(дакументальны, рэж. Жазэ Бургарель (José Bourgarel), Францыя, 2015 г.)

Калі глядзець: субота, 13 красавіка, а 19:30

Як невінаватыя людзі трапляюць у спіс патэнцыйных злачынцаў

Тэрмін «pre-crime» – «перадухіленне злачыннасці» – прыдумаў пісьменнік-фантаст Філіп Дзік, а папулярызаваў Стывэн Спілбэрґ. Сучасныя сістэмы папярэджання злачыннасці ўжо дзеяць у заходніх краінах. Наколькі яны дапамагаюць паліцыі?

Другі бок медаля паказваюць юрысты, грамадскія актывісты і асобы, якія нечакана для сябе апынуліся ў спісах тых, каго падазраюць у здзяйсненні злачынстваў у будучыні.

Што за фільм: «Прагназаванне злачынства» («Pre-crime»)

(дакументальны, рэж. Моніка Гільшэр (Monika Hielscher), Матыяс Гээдэр (Matthias Heeder), 2017 г., Нямеччына)

Калі глядзець: нядзеля, 14 красавіка, а 17:50

Што стала з чалавекам, які набудаваў у Беларусі помнікаў архітэктуры?

Па будынках беларускага архітэктара Станіслава Шабунеўскага можна вывучаць розныя эпохі – дарэвалюцыйную, савецкую і нават сённяшнюю. Шмат якія з іх уваходзяць у спіс вядомых і найбольш значных архітэктурных помнікаў Беларусі. Але да сёння ў Гомлі няма ні вуліцы названай у яго гонар, ні помніку архітэктару. Як склаўся ягоны лёс?

Што за фільм: «Расстраляная архітэктура»

(дакументальны, рэж. Марыя Булавінская, Беларусь, 2019 г.)

Калі глядзець: нядзеля, 14 красавіка, а 19:50

Як сустрэць каханне, будучы 42-гадовай удавой з хворым дзіцём на руках

Гісторыя кахання жанчыны і мужчыны, чыіх блізкіх забілі. Ўолтэр страціў сястру-блізнючку. Ён вяртаецца ў родны горад да маці і малой пляменніцы. Тут ён знаёміцца з Ліндай, мужа-алкаголіка якой нядаўна забілі на імпрэзе. Яна адна гадуе глуханямога сына. Лінда нашмат старэйшая за Ўолтэра, але гэта не замінае дзвюм самотным душам знайсці сяброўства і каханне. У галоўных ролях – Мішэл Файфэр (Michelle Pfeiffer) і Эштан Кутчэр (Ashton Kutcher).

Што за фільм: «Рука ў руцэ» («Personal effects»)

(мастацкі, рэж. Дэйвід Голандэр (David Hollander), ЗША, 2009 г.)

Калі глядзець: нядзеля, 14 красавіка, а 21:30

Кадр з фільму «Расшчэпленыя на атамы»

Рамантычныя прыгоды з Кірай Найтлі

Калі вы яшчэ не бачылі фільм, дзе Кіра Найтлі грае былую дзяўчыну рок-зоркі, то самы час паглядзець яго па-беларуску. Легенда шоў-бізнесу Дэн трапіў у паласу няўдач і ў працы, і ў сямейным жыцці. Грэту, былую дзяўчыну рок-зоркі, ён сустракае ў вечар, якім яна сышла ад свайго хлопца, даведаўшыся пра яго здраду. Для пачатку яны запісваюць разам альбом – без грошай, прафесіянальных музыкантаў і студыі. Іх студыяй становяцца вуліцы Нью-Ёрку.

Што за фільм: «Пачні зноў» («Begin again»)

(мастацкі, Рэжысёр Джон Карні (John Carney), ЗША, 2013 г.)

Калі глядзець: субота, 20 красавіка, а 21:45

Кадр з фільму «У самае сэрца»

Дырэктар Чарнобыльскай АЭС ўпершыню распавядае пра выбух

Катастрофа сусветнага маштабу, якая назаўсёды змяніла лёс Беларусі. Падавалася б, за гэтыя гады было сказана ўсё, што можна сказаць. Але аўтарцы дакументальнай драмы Святланы Усенка ўдалося запісаць эксклюзіўныя інтэрв’ю з відавочцамі, якія дажылі да 30-годдзя той страшнай красавіцкай ночы 1986-га…

Што за фільм: «Расшчэпленыя на атамы», 3 часткі

(дакументальны, рэж. Сяргей Сатнічэнка, 2014 г., Украіна)

Калі глядзець: серада, 24 красавіка, а 20:45, чацвер, 25 красавіка, а 21:40, пятніца, 26 красавіка, а 21:00

Пакуль дапамагала сястры, тая адбіла мужа

Дзеянні фільма разгортваюцца ў Англіі ў 1934-1946 гг. Пахаванне бацькі зводзіць у адным доме сясцёр Мадлэйн і Дайну. Мадлэйн спрабуе атуліць сястру ўвагай і клопатам (не без дапамогі свайго мужа Рыкі). Пакрысе Рыкі пачынае прымаць Дайну не толькі як сваячку, але і як жанчыну – прывабную, таямнічую ды не такую халодную, як уласная жонка. Рыкі і Дайна закаханыя, але гэтыя пачуцці прынясуць ім толькі гора.

Што за фільм: «У самае сэрца» («The Heart of Me»)

(мастацкі, рэж. Тадыюс О’Саліван (Taddeus O.Sallivan), Вялікая Брытанія, 2002 г.)

Калі глядзець: нядзеля, 28 красавіка, а 21:30

Стужка навінаў