Беларускамоўны фільм пакажуць у менскіх кінатэатрах. Апошні раз такое было 25 гадоў таму


Над экранізацыяй апавядання Васіля Быкава «Народныя мсціўцы» рэжысёр Алесь Меліхавец пачаў працаваць у 2010 годзе. Дзякуючы сябрам і банкаўскім крэдытам яму ўдалося зняць гэты фільм.

Паводле рэжысёра, цяпер вядуцца перамовы з «усімі» менскімі кінатэатрамі і ўзгадняюцца ўмовы выхаду фільма ў пракат.

«Пракат гэтага фільма не з’яўляецца проста паказам недзяржаўнага кіно ці ўвасабленнем твора нашага класіка на экране. Гэта прэцэдэнт, маркер, своеасаблівае галасаванне. Беларускамоўнага ігравога кіно не было ў вялікім кінапракаце 25 гадоў. Задумайцеся над гэтай лічбай», – кажа Алесь Меліхавец.

Алесь Меліхавец

Галоўныя ролі ў фільме «Народныя мсціўцы» выканалі акторы Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі (РТБД): Дзмітрый Давідовіч, Арцём Курэнь, Ілля Ясінскі. У эпізодах граў Канстанцін Воранаў (РТБД) і Паліна Дабравольская з тэатру «Тэрыторыя мюзікла» Генадзя Гладкова.

«Я хачу даказаць чыноўнікам, што беларусамоўнае кіно можа збіраць кіназалы. І адначасова кажу сваім калегам: рабяты, не саромцеся», – тлумачыць рэжысёр.

Апошні раз беларускамоўны фільм выйшаў у шырокі кінапракат 25 гадоў таму. Гэта была экранізацыя п’есы Янкі Купалы «Тутэйшыя» (рэж. Валерый Панамароў).

Дакладныя даты, час і месца паказаў «Народных мсціўцаў» будуць вядомыя на наступным тыдні.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў