У 2021 годзе ўдзельнікі міжнароднага песеннага конкурсу «Еўрабачанне» павінны будуць выступіць з новай песняй. Такая інфармацыя змешчаная на афіцыйным сайце конкурсу.
«Было прынятае рашэнне, што паводле правілаў міжнароднага песеннага конкурсу «Еўрабачанне» песні гэтага года не маюць права быць прадстаўленымі ў конкурсе ў 2021 годзе», – паведамляюць арганізатары.
Яны адзначылі, што кожная з краін-удзельніц сама прымае рашэнне, ці мяняць свайго прадстаўніка на конкурсе.
65-ы конкурс песні «Еўрабачанне» меўся адбыцца ў Ратэрдаме (Нідэрланды) у траўні сёлета. Але праз пандэмію каронавіруса арганізатары цягам апошніх тыдняў разглядалі розныя варыянты правядзення конкурсу. У выніку прыйшлі да рашэння адмяніць падзею.
Пераможцам беларускага адборачнага туру конкурсу песні «Еўрабачанне-2020» стаў праект «VAL», які набраў 10 балаў ад прафесійнага журы і 10 балаў ад гледачоў. Музыкі падрыхтавалі да конкурсу беларускамоўную песню «Da Vidna».
МГ belsat.eu