«Беларуськалій»: шахцёры загінулі імгненна, сем'ям будзе аказаная дапамога


Генеральны дырэктар «Беларуськалія» Іван Галаваты заявіў, што кампанія дапаможа сем’ям Дзмітрыя Валькова і Максіма Іванова – шахцёраў, якія загінулі ў выніку абвалу на трэцім рудаўпраўленні 9 сакавіка.

«Работнікі знаходзіліся пад выкінутай рудою, побач з абсталяваннем. Як ні сумна, смерць наступіла імгненна, у долю секунды, калі адбылося абвальванне даху. Усяго на рудніку працавала каля 150 чалавек, а ў напрамку, дзе адбылася аварыя, – 14 чалавек», – адзначыў Іван Галаваты.

Гарнякоў шукалі больш за 30 гадзін, завалы разбіралі ўручную. З роднымі загінулых цяпер працуюць псіхолагі. У шахцёраў засталіся жонкі, у Максіма Іванова – дзве дачкі, у Дзмітрыя Валькова – сын.

«Прадпрыемства цалкам акажа садзейнічанне ў рамках пахавальных працэдураў. Таксама будзе, вядома, аказана матэрыяльная дапамога і падтрымка ў наступныя гады. Прадпрыемства не забывае работнікаў, якія трагічна пайшлі з жыцця, і іх семʼі, аказвае дапамогу і пры вучобе дзяцей, і пры далейшым працаўладкаванні», – сказаў Іван Галаваты.

10 сакавіка СК па факце здарэння ў шахце трэцяга рудакіравання «Беларуськалію» распачаў крымінальную справу паводле артыкулу 303 «Парушэнне правілаў бяспекі горных ці будаўнічых работ». Крымінальны артыкул прадугледжвае адказнасць у выглядзе штрафу, арышту, абмежавання ці пазбаўлення волі на тэрмін да 7 гадоў.

 

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

 

Стужка навінаў