Беларускага следчага-ўцекача затрымалі ў Расеі без запыту аб экстрадыцыі

У Пскове затрымалі беларускага следчага Андрэя Астаповіча. Некалькі дзён таму ён звольніўся са Следчага камітэту Беларусі і размясціў у сацыяльных сетках допіс з заклікам «выгнаць дыктатара». Да яго не пускаюць адвакатаў, затрыманне адбылося без запыту беларускага боку аб экстрадыцыі Астаповіча з Расеі, паведаміў Vot-tak.tv галоўны рэдактар выдання «Псковская губерния» Дзяніс Камалягін са спасылкаю на адваката Вячаслава Галавіна.

Андрэй Астаповіч. Фота: Instagram / Андрэй Астаповіч

Са словаў Вячаслава Галавіна, прызначанага ў суботу, 22 жніўня, абаронцам Андрэя Астаповіча, у пятніцу, 21 жніўня, каля 8-й вечара Астаповіч быў затрыманы ў нумары гасцініцы «Рыжскай», дзе ён чакаў латышскую візу. Напярэдадні кіраўніцтва Латвіі ўхваліла ягоны статус палітычнага ўцекача, заставалася толькі дачакацца дакументаў. Паводле галоўнага рэдактара «Псковской губернии», Астаповіч мінуў мяжу каля Смаленску, даехаў да Масквы і ўжо адтуль прыехаў у Пскоў. Як думае адвакат Астаповіча, спецслужбы сачылі за ім з часу выезду з Масквы: «Затрымаць яго было справаю тэхнікі, нягледзячы на тое, што ён быў абачлівы, напрыклад, не карыстаўся сваім тэлефонам. Цяпер, як заяўляе адвакат, яго ўтрымліваюць у Завелічанскім аддзеле паліцыі Пскова. Усё, чаго пакуль змаглі дабіцца адвакаты, – каб яго пакармілі. Абаронцу, аднак, да яго не пускаюць. Галавін думае, што яго могуць не дапусціць да падабароннага і заўтра, бо цяпер – выходныя. «Гэта шараговы аддзел паліцыі, а не спецыяльнае аддзяленне, яны не працуюць дзень і ноч», – тлумачыць Дзяніс Камалягін. Адвакат асцерагаецца, што да ранку панядзелка з Беларусі ўжо атрымаюць дакументы аб экстрадыцыі, і Астаповіча пераправяць назад: «Гэтых дакументаў дакладна пакуль няма, і таму нельга сказаць, за што яго затрымалі. Ёсць дапушчэнне, што асноўнаю прычынаю можа стаць абвінавачанне ў незаконным мінанні мяжы з прычыны абмежаванняў, звязаных з эпідэміяй каронавіруснай інфекцыі». Некалькі дзён таму следчы Партызанскага раённага аддзелу СК Андрэй Астаповіч выклаў у Instagram фота з рапартам, якім ён зыніцыяваў разарванне кантракту «праз парушэнне яго ўмоваў з боку кіраўніцтва СК». На момант публікацыі гэты допіс выдалены з акаўнту Астаповіча, але скрыншоты захаваліся ў публікацыях некаторых СМІ.

У допісе, да якога былі прымацаваныя фота пяці старонак рапарту, Астаповіч напісаў: «Суграмадзяне, змагайцеся да пераможнага канца, выганім дыктатара і беззаконне разам з ім!»Акцыі пратэсту ў Беларусі пачаліся ўвечары 9 жніўня – у дзень выбараў прэзідэнта. Людзі па ўсёй краіне выйшлі на вуліцы з прычыны масавых фальсіфікацыяў на карысць Аляксандра Лукашэнкі. Сілавікі жорстка разганялі пратэсты, затрымлівалі і білі выпадковых мінакоў. У хадзе пратэстаў загінулі мінімум тры чалавекі.Даючы справаздачу за першыя тры дні мітынгаў, МУС паведаміла, што затрымалі 6700 чалавек. Частку ўжо адпусцілі пад абяцанне не ўдзельнічаць у пратэстах. Людзі расказалі пра катаванні сілавікамі ў ізалятарах. Першапачаткова ў беларускім Міністэрстве аховы здароўя гаварылі пра не менш як 250 пацярпелых пратэстоўцаў, якія трапілі ў шпіталі з траўмамі.

ЛБ, МЛ/НМ/ Vot-tak.tv Belsat.eu

Hавiны