Беларускага «шпіёна» Юрыя Палітыку пераводзяць у Кіеў з меркаванняў бяспекі


Беларускага грамадзяніна Юрыя Палітыка, якога ўкраінскія спецслужбы вінавацяць у шпіянажы, мусяць бліжэйшым часам перавесці з Чарнігава ў Кіеў.

Пра гэта распавёў belsat.eu адвакат беларуса Тарас Гералюк.

«Яго пераводзяць па рашэнні суду, мы наконт гэтага хадатайнічалі. Дакладна калі адбудзецца перавод у Кіеў – невядома. Але мы працуем над гэтым», – распавёў адвакат.

Суд прыняў рашэнне аб пераводзе Юрыя Палітыкі з чарнігаўскага СІЗА ў кіеўскае з меркаванняў ягонай бяспекі. 27 жніўня беларуса прывезлі на чарговае паседжанне суду з сіняком пад вокам, ён заявіў, што кепска сябе адчувае. Пры гэтым Палітыка адзначыў, што не памятае абставінаў атрымання траўмы. Учора ў МЗС Беларусі заявілі, што маюць сумневы ў здольнасці ўкраінскага боку забяспечыць умовы ўтрымання Юрыя Палітыкі пад вартай, «якія б выключалі правакацыі і ўжывання да яго супрацьпраўнага ўздзеяння».

Паводле Тарас Гералюка, цяпер стан здароўя Юрыя Палітыкі добры. Магчымасць передачы Палітыкі беларускаму боку ў рамках абмену адвакат каментаваць не стаў.

  • Юрыя Палітыку затрымалі ў момант праходжання пашпартнага кантролю пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Украіны на тэрыторыі памежнага пункта «Новыя Ярылавічы» 16 чэрвеня 2017 года. З пункту гледжання ўкраінскіх праваахоўнікаў, беларус у інтарэсах трэцяга боку збіраў на тэрыторыі Украіны звесткі аб правядзенні антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. Атрыманую інфармацыю ён зашыфраваў і захоўваў на карце памяці свайго мабільнага тэлефона.
  • Напачатку студзеня 2018 года шэраг беларускіх недзяржаўных СМІ апублікавалі ліст затрыманага беларуса Юрыя Палітыкі ў амбасаду Беларусі ў Кіеве, дзе ён сцвярджае, што ўсе паказанні даваў пад катаваннямі, ніколі не працаваў на беларускі КДБ, не збіраў сакрэтныя звесткі для Расеі. Таксама быў апублікаваны ліст маці затрыманага беларуса з просьбай аб дапамозе. СБУ заяву Юрыя Палітыкі пра катаванні зняпраўдзіла.
  • Генеральная пракуратура Беларусі заявіла пра «абгрунтаваныя сумневы ў наяўнасці прыкметаў шпіянажу ў дзеяннях затрыманага» і назвала крымінальную справу супраць беларуса «палітычнай».
  • Папярэдні разгляд справы Юрыя Палітыкі распачаўся 12 лютага, але за гэты час суд амаль не прасунуўся наперад. Паседжанне раз за разам адкладаліся – або з прычыны адсутнасці перакладчыка, або з прычыны адсутнасці адвакатаў. Нарэшце 15 траўня калегія суддзяў Чарнігаўскага раённага суду, якая мусіла разглядаць «шпіёнскую справу» Юрыя Палітыкі, узяла самаадвод. Цяпер справай займаецца Новазаводскі суд Чарнігава. Belsat.eu пісаў пра дэталі «шпіёнскай» справы – падрабязна чытайце тут.
  • Раней некаторыя ўкраінскія эксперты выказвалі меркаванне, што працэс над Палітыкай можа быць люстэркавай рэакцыяй на суд над Паўлам Шаройкам у Менску. Журналіста Украінскага нацыянальнага радыё Шаройку затрымалі ў Менску ў кастрычніку і абвінавацілі ў шпіянажы. Вярхоўны Суд прысудзіў яго да 8 гадоў пазбаўлення волі. 30 траўня старшыня КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што не выключае магчымасці абмену «ўкраінскага шпіёна» Паўла Шаройка на «беларускага шпіёна» Юрыя Палітыка.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў