Беларуска ў вышыванцы з танцам на шасце скарыла журы расейскага шоу і можа выйграць $ 45 000


Беларуская чэмпіёнка і выкладчыца па танцу на пілоне Кацярына Паграбіцкая паўдзельнічала ў «Танцах» на канале ТНТ і прайшла адбор у пяты сезон шоу.

Дзяўчына танцавала пад беларускамоўную песню Паліны Рэспублікі «Як ты».

«Мая вучаніца прынесла мне гэты трэк. Я закахалася ў песню і падумала, што няма нічога лепшага, чым прадстаўляць сваю краіну пад гэтую песню, бо песня была пра радзіму і тое, што сэрцам мы заўсёды са сваёй краінай. Я вырашыла, што вышыванка дапаможа мне перадаць усе мае эмоцыі ў танцы і дапоўніць вобраз. Я люблю беларускую культуру», – распавяла Кацярына Паграбіцкая belsat.eu.

Перад выступам вядоўца запытала Кацю, ці яна будзе танцаваць «расейскую народную». «Не, гэта вышыванка. Я з Менску», – адказала танцорка.

У размове з belsat.eu Кацярына распавяла, што сумнявалася ці варта ехаць на конкурс.

«Я не ведала ці змагу прайсці кастынг. Перад выхадам так хвалявалася, што не адчувала ані рук ані ног», – кажа Кацярына.

«Тонка і чароўна» – гэтак журы ацанілі ейны танец.

Кацярына таксама прызналася, што вельмі б хацела выступіць з гэтым нумарам на міжнародных спаборніцтвах.

Удзельнікі праекту «Танцы» змагаюцца за званне лепшага танцора Расеі і галоўны прыз у памеры 3 000 000 рублёў (больш $ 45тыс.).

22-гадовая Кацярына Паграбіцкая неаднаразова станавілася прызёрам шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Пачынала сваю спартовую прыгоду з харэаграфіі і акрабатыкі. Дзяўчына кіруе і выкладае ў студыі танца і акрабатыкі на пілоне Go Up Pole Dance Studio.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў