Беларуска ў В'етнаме: вяртацца цяпер – небяспека для сябе і сваякоў!


Каля 100 беларусаў захраслі ў В’етнаме. Як яны там пачуваюцца і чаму пакуль не ўсе збіраюцца вяртацца на Радзіму, «Белсат» даведаўся ў гарадзенкі Алены.

Праваленая эвакуацыя

В’етнам. Гарадзенка Алена. Аўтапартрэт

Якія рэальныя каранцінныя захады робяць ва В’етнаме?

У краіне школы не працуюць з пачатку лютага. У сакавіку пачалі абмяжоўваць рух паміж гарадамі, а з 22 сакавіка В’етнам зачыніў межы.

З 1 па 15 красавіка па ўсіх гарадах абвесцілі каранцін: рэстарацыі, масажныя салоны, дзяржаўныя ўстановы зачыніліся. Увесь транспарт паміж гарадамі прыпынены. На вуліцу выходзіць можна па ежу і лекі да 22.00, але, шчыра кажучы, ніхто асабліва не сочыць за выкананнем. Крамкі хатняй ежы працуюць, як і раней: без в’етнамскай кавы і найсмачнейшай мясцовай ежы ніхто не застаўся.

В’етнамцы сядзяць па хатах ці побач на вуліцы сем’ямі і кампаніямі, п’юць каву, гуляюць у нейкія шашкі, пяюць караоке. Панікі няма. Можа гэтак так толькі ў тым курортным горадзе Нячанг, з якога я не паспела выехаць? Але тут адносна спакойна. Паводле афіцыйнай статыстыкі – захварэлых тут няма.

Як атрымалася, што ты засталася ва В’етнаме? Колькі яшчэ нашых грамадзянаў засталося ў гэтай краіне?

Я планавала вылецець яшчэ 19 сакавіка, таму што мая 3-х месячная віза была да 24-га. Набыла білет да Масквы на чартар за $ 250, прыехала ў Ня-Чанг за некалькі дзён да вылету… Але 18 сакавіка Расея закрыла межы, і беларусаў перасталі прымаць на борт самалётаў. Мае беларускія сябры тэлефанавалі ў нашае МЗС, расейскія сябры – у беларускую амбасаду ў Маскве. Ніхто нічога ўцямнага не мог параіць…

Асабіста я звязалася з беларускаю амбасадай ва В’етнаме. Мне адказалі, што калі ў мяне будзе білет з таго ж самага аэрапорту ў Менск, то праблем не ўзнікне, таму што я буду лічыцца транзітным пасажырам.

Але ў апошні момант, за некалькі гадзін да вылету, я атрымала паведамленне, што авіякампанія адмаўляецца саджаць мяне на самалёт да Масквы, таму што, цытую, «грамадзяне Беларусі юрыдычна не зʼяўляюцца транзітнымі пасажырамі, бо фармальна паміж Расеяй і Беларуссю няма мяжы ў аэрапорце».

Самалёт авіякампаніі «Аэрафлот»

Так я засталася ў турыстычным горадзе Ня-Чанг. Грошы за гэты білет мне вярнулі. Праз некалькі дзён беларусам вярнулі магчымасць ляцець да Масквы, але кошты падскочылі ў некалькі разоў! Мы аб’ядналіся ў тэлеграм-чаціку: хтосьці спадзяваўся на эвакуацыю, хтосьці набываў даражэзныя квіткі на апошнія рэйсы «Аэрафлоту», хтосьці вырашыў перачакаць сусветную пандэмію тут. Спачатку ў спісах на эвакуацыю было каля 300 чалавек, але прыблізна палова вылецела сваім ходам. Зараз нас тут хіба што трохі больш за 100 чалавек.

Чаму дагэтуль нашыя грамадзяне не эвакуяваныя?

Чаму дагэтуль людзі не эвакуяваныя – трэба пытацца не ў нас. Беларуская амбасада ў Ханой адказала, што гэтае пытанне вырашаецца «на самым версе». Спачатку планавалася, што нас будуць вывозіць разам з расейцамі, але тады Расея прыпыніла эвакуацыю.

Вось на днях была магчымасць вылецець праз Казахстан маршрутам: Дэнпасар – Бангкок – Ханой – Усць-Каменагорск – Менск, але там спецыяльныя ўмовы: толькі 22 месцы для беларусаў і кошты ад $ 800.

Да таго ж, да 15 красавіка ва В’етнаме не працуе грамадскі транспарт, таму не зразумела, як дабірацца да Ханою. Мне да сталіцы 1250 км ехаць. А як? Я чытала ў чаце, што людзі замаўлялі таксоўку, каб праехаць паўкраіны і трапіць на самалёт. Але на тыя грошы, што яны аддалі, можна тут 2 месяцы жыць! А калі скласці ўвесь кошт эвакуацыі – то жыць тут можна паў гады.

Кошты на прадукты ўпалі!

Якую інфармацыю падае беларуская амбасада ва Вʼетнаме? У чым дапамагае?

Яны малайцы! Дапамагаюць, як могуць! Але зразумела, што магчымасці ў іх не такія шырокія. У амбасадзе мне дапамаглі зрабіць афіцыйную паперу, якая дапаможа мне падоўжыць візу, не выязджаючы з краіны ва ўмовах зачыненых межаў. Зараз гэта самае актуальнае пытанне не толькі для беларусаў, але і ўсіх замежнікаў! Турыстычныя кампаніі прапануюць падоўжыць візу на месяц за $ 130-160, але афіцыйна працэдура каштуе $ 10. Чакаю, калі скончыцца каранцін, каб пайсці ў эміграцыйны цэнтр.

Ці хапае ў краіне харчоў, лекаў?

В’етнам – аграрная краіна. Зараз зачыненыя межы, і яны не могуць актыўна прадаваць прадукты харчавання за мяжу. Таму, кошты на прадукты ўпалі, і я ўпершыню пабачыла сапраўдныя в’етнамскія кошты на садавіну і агародніну. Напрыклад, кілаграм манга зараз каштуе $ 0,5-0,6 за кілаграм, добра паесці можна за $ 1-2.

Рынак у Ня-Чангу. В’етнам. Фота суразмоўцы

Гэта беларусаў трэба эвакуяваць ва В’етнам!

Ці могуць беларускія грамадзяне разлічваць на дапамогу вʼетнамскіх медыкаў?

За 3 месяцы ва В’етнаме я толькі аднойчы звярталася ў прыватную клініку, каб здаць аналізы на гармоны шчытападобнай залозы. Не скажу, колькі мне гэта каштавала, але памятую, што кошты былі прыблізна такія ж, як і беларускія.

Я чуў, што значная частка беларусаў збіраецца застацца ва Вʼетнаме на час каранціну. Чаму?

Абвестка ў Ня-Чангу. В’етнам. Фота суразмоўцы

Шмат хто з беларусаў вырашыў застацца ва В’етнаме, таму што адчуваюць сябе тут у бяспецы. Да таго ж, час сусветнай пандэміі – гэта не лепшы час, каб вандраваць па аэрапортах і самалётах. Я дык задаволеная, што тут захрасла!

Спрабую ўявіць сабе, што вось я прыляцела ў Менск, праз усе аэрапорты В’етнаму, Расеі ды Казахстану. На арганізаваны каранцін у Менску мяне ніхто не пасадзіць, таму што эпідэмія ў нашай краіне непрызнаная, але я, як чалавек адказны, саджуся ў самаізаляцыю. Але дзе, калі ў мяне няма сваёй кватэры? Толькі ў бацькоўскай хаце! Цяжка ўявіць, што мы зможам трымаць неабходную дыстанцыю.

Таму я вырашыла застацца тут. Пазнаёмілася з расейкаю, знялі разам кватэру-студыю. Ходзім на рынак па ежу і каву, рэшту часу праводзім у кватэры. Паміж сабою мы жартуем, што гэта беларусаў трэба эвакуяваць ва В’етнам, таму што тут сонейка, мора, вітаміны і мінімум стрэсу!

У Ня-Чангу зараз узняўся рух узаемадапамогі. Расейскамоўная суполка «Точка роста» дапамагае тым, хто застаўся без працы і грошай: людзі гатуюць і развозяць ежу, дзеляцца рэсурсамі і досведам. Нам з суседкаю яны дапамаглі знайсці таннае жыллё. Я таксама планую заняцца валанцёрствам, каб не сядзець, склаўшы рукі.

Алесь Дзянісаў Belsat.eu

Стужка навінаў