Беларуска ў Каракасе: «Людзі вельмі стаміліся і нічога не баяцца»


У Венесуэле праходзяць маштабныя антыўрадавыя акцыі пратэсту: тысячы жыхароў краіны выйшлі на вуліцы ў розных гарадах. Падчас сутыкненняў з сіламі бяспекі ад агнявых раненняў ужо загінулі больш за 20 асобаў. Belsat.eu пагутарыў з беларускаю, якая цяпер – у Каракасе.

Пратэсты адбываюцца на фоне катастрафічнай эканамічнай сітуацыі ў Венесуэле. Віну за гэта ўскладаюць на прэзідэнта Мадура, які нядаўна пайшоў на другі тэрмін. Падчас шматтысячнай дэманстрацыі ў Каракасе 23 студзеня апазіцыйны лідар Хуан Гуаідо абвясціў сябе новым прэзідэнтам, пасля чаго адбыліся сілавыя сутыкненні паміж пратэстоўцамі і паліцыяй.

Паводле няўрадавай грамадскай арганізацыі «Венесуэльскі крымінальны форум», агулам па краіне колькасць загінулых па стане на першую палову дня 24 студзеня дасягнула 23 чалавек, сотні атрымалі раненні і больш за 200 былі арыштаваныя.

Мы звязаліся з беларускай Веранікай Андрасюк, якая жыве ў сталіцы Венесуэлы з сям’ёй. Яна адзначае, што на ёй і ейных блізкіх пратэсты пакуль моцна не адбіліся, але суседзі і знаёмыя актыўна ў іх удзельнічаюць.

«Усе сябры – на вуліцы, вельмі ўзрушаныя і моцна перажываюць. У людзей ёсць надзея, што нешта зменіцца, палітычная сітуацыя зменіцца. Цяпер яна вельмі неадназначная. Пратэстаў было ўжо шмат, і яны звычайна канчаюцца аднолькава – сілавым здушэннем з боку ўладаў», – гаворыць Вераніка.

Hавiны
У Венесуэле лідар апазіцыі абвясціў сябе новым прэзідэнтам. ЗША яго прызналі
2019.01.23 20:46

На яе думку, галоўная прычына, па якой венесуэльцы выйшлі на вуліцы, – эканамічны крызіс.

«Насамрэч, людзі вельмі стаміліся і ўжо нічога не баяцца. Яны стаміліся не тое, што ад рэжыму Мадура, а ад узроўню жыцця, да якога ўсё прыйшло пры цяперашнім урадзе. Венесуэльцаў загналі ў сітуацыю, калі цэны растуць кожны дзень. Усе пытаюцца: а як далей жыць, калі ты ўчора мог набыць пяць прадуктаў, а сёння толькі адзін?», – кажа суразмоўца.

Што датычыць апазіцыянера Гуаідо, які абвясціў сябе прэзідэнтам, беларуска адзначае:

«Думаю, цяпер венесуэльцы гатовыя пайсці следам за любым лідарам, які паабяцае паляпшэнне».

Hавiны
Рэвалюцыя ў Венесуэле – ці яшчэ не? Часовага прэзідэнта Гуаідо прызнала большасць краінаў Амерыкі
2019.01.24 13:51

Хуана Гуаідо ўжо мае падтрымку кіраўнікоў такіх краінаў як ЗША, Канада, Бразілія, Аргентына, Гватэмала, Калумбія, Коста-Рыка, Парагвай, Перу, Гандурас. Таксама яго прызналі законным прэзідэнтам Грузія, Чылі і Эквадор.

На баку ўраду Мадура застаюцца Куба, Мексіка, Балівія, Уругвай, Турцыя. Легітымнасць Мадура прызнала і Расея. Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў назваў падзеі ў Венесуэле «спробай узурпацыі вярхоўнай улады» ў краіне. Паводле яго слоў, гэта супярэчыць і парушае асновы і прынцыпы міжнароднага права. Ён таксама дадаў, што ў Крамлі «занепакоеныя заявамі аб умяшанні трэціх краін ва ўнутраныя справы Венесуэлы».

Якая пазіцыя Беларусі?

У МЗС Беларусі заявілі, што нягледзячы на складаную абстаноўку ў Венесуэле, інцыдэнтаў з удзелам грамадзянаў Беларусі не зарэгістравана.

Каментуючы падзеі ў Венесуэле, беларускае знешнепалітычнае ведамства падкрэсліла, што пазіцыя Беларусі ў гэтым пытанні не змянілася.

«Мы з суперажываннем адсочваем сітуацыю ў Венесуэле. Лічым, што ўсе праблемныя пытанні павінны вырашацца самім венесуэльскім грамадствам і выключна шляхам мірнага дыялогу ў рамках прававога поля і Канстытуцыі. Венесуэльскі народ можа самастойна справіцца з цяжкасцямі, якія ўзнікаюць, без умяшання звонку», – заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС Анатоль Глаз.

У МЗС таксама адзначылі, што беларусы, якія знаходзяцца там у рамках выканання сацыяльнага заказу ўрада Венесуэлы, працягваюць яго выконваць.

КА/Belsat.eu

Стужка навінаў