Беларуска-расейская працоўная група па інтэграцыі ў бліжэйшы час правядзе сустрэчу


Сустрэча беларуска-расейскай працоўнай групы па паглыбленні інтэграцыі можа адбыцца ў бліжэйшы час, паведаміў міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей, паведамляе interfax.by.

«Цяпер аналізуюцца ўсе прапановы. Думаю, што ў бліжэйшы час працоўная група па пытаннях далейшай інтэграцыі пачне сваю працу», – сказаў Уладзімір Макей.

Больш дакладныя тэрміны сустрэчы ён не назваў.

Кіраўнік МЗС адзначыў, што ўдзельнікі групы павінны сабрацца разам, абмеркаваць усе прапановы бакоў, звесці ўсе разам, «і далей па выніках сумеснай працы дакладваць кіраўнікам дзяржаваў пра прапановы, якія яны дасягнулі».

Макей не ўдакладніў, у чым складаюцца прапановы групы, аднак заўважыў, што і з беларускага, і з расейскага боку яны накіраваны «на спакойны, нармальны рух па рэалізацыі тых дамоўленасцяў, якія былі дасягнутыя ў свой час».

Беларуска-расейская група па паглыбленні інтэграцыі была створана ў снежні летась і займаецца актуалізацыяй Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, якая была падпісана ў 1999 годзе. Працоўную групу з расейскага боку ўзначаліў міністр эканамічнага развіцця Максім Арэшкін, з беларускага боку – міністр эканомікі Дзмітрый Круты.

Структура створана пасля таго, як прэм’ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў у снежні мінулага года заявіў пра неабходнасць актуалізацыі Саюзнай дамовы ў адказ на прапанову Менску прадставіць кампенсацыю за расейскі падатковы манеўр у нафтавай сферы.

Hавiны
Інтэграцыя Расеі і Беларусі павінна быць больш важкай. Новая заява Мядзведзева
2019.04.17 14:40

СК belsat.eu

Стужка навінаў