Беларуска аддала маскоўскім экстрасэнсам Br 20 млн за дзве малітвы праз тэлефон


69-гадовая жыхарка Мазырскага раёну пералічыла маскоўскім экстрасэнсам 76 тысяч расейскіх рублёў, што ў перакладзе на беларускія складае каля 20 мільёнаў, за зняцце чараў праз тэлефон. Яна спадзявалася з дапамогай экстрасэнсаў уладзіць канфлікт паміж сынам і нявесткай. Жаданай дапамогі яна так і не атрымала, а ўсіх сваіх зберажэнняў пазбавілася.

Аднойчы пенсіянерка ўбачыла ў тэлевізары рэкламу паслугаў экстрасэнсаў, якія прапаноўвалі абарону ад злога вока, сурокаў і хвароб. Праз тэлефоне ёй паведамілі, што дапамога аказваецца толькі пасля 100%-ай аплаты паслуг. Пажылая жанчына перавяла на ўказаны рахунак немалую суму – Br 20 млн, а таксама назапасілася неабходным для зняцця псуты «інвентаром» – пачкам солі, цукру і трыма царкоўнымі свечкамі.

Рытуал, які павінен быў радыкальна змяніць жыццё пенсіянеркі і чальцоў ейнай сямʼі, заключаўся ў чытанні малітвы праз тэлефон. Пасля таго, як жанчына прачытала ў трубку «Ойча наш», ёй паведамілі, што першы этап пройдзены, і трэба яшчэ заплаціць і паўтарыць маніпуляцыі. У другі раз пасля чытання малітвы сувязь перарвалася. Пенсіянерка патэлефанавала зноў і пачула, што грошы скончыліся, і абавязкова трэба заплаціць яшчэ, бо нельга перарываць рытуал на паўдарозе.

Неўзабаве жыхарка Мазырскага раёну ўбачыла па тэлевізары сюжэт пра затрыманне ў Маскве фальшывых аздараўляльнікаў і выказала здагадку, што стала іхнай ахвярай. Яна звярнулася ў міліцыю. Паводле дадзенага факту ідзе праверка.

МЯ, паводле telegraf.by

Стужка навінаў