Беларусі патрэбныя замяшчальнікі «Незыгара». Эксклюзіўнае інтэрв’ю тэлеграм-каналу «Хромой Бес»

ВІДЭА

Тэлеграм-канал «Хромой Бес» быў створаны 11 студзеня. Менш чым за два месяцы колькасць падпісчыкаў дасягнула амаль паўтары тысячы чытачоў. Канал пазіцыянуе сябе як крыніца інсайдаў пра рэальныя настроі сярод беларускага істэблішменту і сілавых структураў. Цяпер, паводле рэйтынгу TGSTAT.com, «Хромой Бес» займае 11-ае месца ў спісе палітычных тэлеграм-каналаў Беларусі. Паводле прагнозаў belsat.eu, роля праекту будзе расці пры набліжэнні выбараў. Хоць у рэдакцыі «Хромого Беса» заўважаюць, што «не заточаныя пад выбары» і, прынамсі пакуль, пісаць пра іх з асаблівым імпэтам не збіраюцца.

Адказаў на гэтыя пытанні рэдакцыя belsat.eu чакала больш за 2 тыдні. Перад канчатковаю згодаю на размову ў тэлеграм-канале «Хромой Бес» правялі апытанне, ці варта з намі ўвогуле размаўляць. Больш як палова ўдзельнікаў апытання сказалі «так». З рэдакцыяй «Хромого Беса» мы паразмаўлялі пра будучыню Тэлеграм-супольнасці, пазіцыянаванне ды пра тое, які інсайд рэдакцыя не стала б выносіць у паблік.

«Планы паглынання Беларусі – праўда». Што пішуць папулярныя Telegram-каналы напярэдадні сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным

Вы вылучаецеся сярод іншых беларускіх тэлеграм-каналаў, перадусім узроўнем дасведчанасці аб тым, што адбываецца ў палітычных кулуарах. Шчыра кажучы, ствараецца ўражанне, што вы пазіцыянуеце сябе як «беларускі антыНезыгар», ці гэта так?

Можна сказаць і так. Здавён (у храналогіі існай палітычнай сістэмы) павялося так, што прасочванне інфармацыі ў паблік лічылася непажаданым. Нібыта дастаткова толькі інфармаваць аб логіцы прыняцця рашэнняў (а часта і без яе, а проста ў выглядзе інфармавання) у газеце СБ і ў вечаровым выпуску навін на канале БТ, а іншага беларусам ведаць не трэба. Тое, што закрытасць нараджае пытанні і пакідае прастору для няправільных інтэрпрэтацый, не ўлічвалася або апускалася. Але цяпер відавочна, што ўмоўная сістэма сувязі «СБ» – народ» парушаная і не будзе адноўленая, бо каналы атрымання інфармацыі людзьмі даволі разнастайныя, а карыстацца інтэрнэтам навучыліся ўжо нават глыбокія пенсіянеры.

Пратэсты супраць блакавання мэсэнджэру «Тэлеграм». Красавік 2018 года, Масква. Фота Mikhail Tereshchenko/TASS

Сутнасць такая, што калі правесці паралелі і падзяліць інфармацыйныя патрэбы грамадства на базавыя і вышэйшыя, то выйдзе, што базавыя патрэбы аб курсе на долар і хлеб беларусы могуць задаволіць лёгка, а інфармацыйную патрэбу ва ўмоўных каляпалітычных плётках здольныя задаволіць толькі расейскія медыі (перадусім тэлеграм-каналы), бо робяць гэта прафесійна і праўдападобна. Беларускіх замяшчальнікаў такога кантэнту няма, калі не лічыць разавыя публікацыі ў цэнтральных недзяржаўных СМІ.

Пры гэтым на ўсіх узроўнях (мы спадзяемся) ужо ёсць разуменне таго, што спажыванне інфармацыі з расейскіх каналаў пагражае не толькі калецтвам розуму асобных спажыўцоў, але і інфармацыйнай бяспецы краіны агулам (ад інфармацыйнай да фізічнай жа два крокі з улікам таго, што спажыўцы палітычнай інфармацыі самі патэнцыйна палітычна актыўныя).

З гэтага робім выснову, што замяшчальнікі «Незыгара» Беларусі патрэбныя, калі мы хочам мець самадастатковую медыя-сістэму. І такіх замяшальнікаў павінна быць больш, у тым ліку з прычынаў, апісаных намі ў пачатку адказу.

Вы таксама маеце крыніцы ў высокіх кабінетах. Хто за вамі стаіць ці, скажам так, каму належыць аўтарства праекту? Сям’і Эйсмант ці камусьці з прадстаўнікоў сілавых інстытутаў?

Ну вы ж не думаеце, што мы вось возьмем і скажам «Мы – праект сямʼі Эйсмант», або «Мы – праект КДБ/МУС/ААЦ/МА/СК»? Каму вельмі цікава (журналістаў не ўлічваем), той ведае, хто робіць праект, але заяўляць пра асобы ў СМІ для шырокага кола мы не хочам, бо не бачым патрэбы.

Па вашых ацэнках, колькі адсоткаў праўдзівай інфармацыі аб Беларусі ў «Незыгара»? Не кажыце, што нуль, прызначэнне Бабіча яны анансавалі першыя, і гэта пацвердзілася.

Тое, што яны анансавалі прызначэнне Бабіча, проста сведчанне, што яны працуюць на Беларусь не адвольна, а са сфармуляванымі задачамі, што канал пастаўкі інфармацыі наладжаны і пачынаецца зверху. Праўдзівая інфармацыя «Незыгара» і зʼяўляецца небяспекай, нават калі яе будзе не 1 %, як цяпер, а 80 %. Астатнія 20 % няпраўды і будуць маніпуляцыяй ды пагрозай.

Фота Mikhail Tereshchenko/TASS

Колькі яшчэ тэлеграм-супольнасць у Беларусі будзе ў жывым стане, ці чакаць нам спробаў блакавання «Тэлеграму»?

Спробы блакавання чаго заўгодна магчымыя. Але для гэтага патрэбны ўмовы, якія б пагражалі існаму палітычнаму балансу ці суверэнітэту. Зрэшты, досвед Расеі паказвае, што заблакаваць «Тэлеграм» – не праблема, пытанне толькі ў тым, інтарэсы колькіх кампаніяў будуць закранутыя блакаваннем IP-адрасоў і ў імя чаго гэтымі інтарэсамі можна будзе ахвяраваць. Нам здаецца, што папулярнасць «Тэлеграму» будзе расці, пакуль не зʼявіцца штосьці больш мадэрновае.

Які інсайд вы б ніколі не апублікавалі?

Інсайд, вышэйшы за Саўмін.

Вас чытаюць у Адміністрацыі прэзідэнта? Хто агулам вашыя чытачы, на каго арыентуецеся?

Так, нас чытаюць у Адміністрацыі прэзідэнта і не толькі. Сярод аўдыторыі ёсць як топ-чыноўнікі, так і школьніцы з дэпрэсіўных рэгіёнаў краіны, аўдыторыя «Тэлеграму» – гэта феномен.

Бліц belsat.eu

  • Чаму «Хромой Бес»? Нешта ўкладаеце ў гэтую назву?

    Гэта назва вядомага твора вядомага французскага (і іспанскага) пісьменніка. Калі прачытаць твор Лесажа, то логіка назвы каналу стане цалкам яснай.
  • Галоўныя тэлеграм-каналы, якія вы адсочваеце, ваш асабісты топ?

    Шчыра кажучы, адсочваем мала што, бо існыя палітычныя каналы нам малацікавыя са зразумелых прычынаў. Больш глядзім навуковыя каналы, гістарычныя, і каналы з забаўляльным кантэнтам.
  • Завершыце фразу: Жыве Беларусь!

    Дык хай кожны працуе на сваім месцы так, каб жыла вечна, а не згінула ў віры часу.

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu; фота анонсу – Lev Fedoseyev/TASS

Глядзі таксама
Каментары