Валера Руселік Беларушчына – паміж марай і таварам

журналіст, літаратар

«Колькі мае каштаваць беларушчына?» – задаецца пытаннем мой сябар і калега Алесь Кіркевіч. Што праўда, дакладнага адказу ў сваім тэксце аўтар гэтак і не дае. Дык я адкажу, дарагі Алесю: ніколькі. Ніколькі беларушчына не мае каштаваць, бо яна бясцэнная.

Колькі мае каштаваць беларушчына?

І вось тут важна патлумачыць некаторыя тэрміны, якія часцяком блытаюцца міжсобку. Бясцэнна – гэта не азначае нуль, «зэро» ці нейкую ну зусім ужо драбязу, капейчыну. Бясцэнна – гэта настолькі шмат, што вызначыцца з цаною папросту немагчыма.

Важна прагаварыць і розніцу паміж, здавалася б, сінонімамі «кошт» і «цана». Кошт – гэта выдаткі на стварэнне ці набыццё нейкага тавару або на здзяйсненне нейкае справы. А цана – гэта тыя грошы, якія прадавец хоча за свой тавар ад пакупніка, або наступствы нейкае здзейсненае справы. Цана звычайна вышэйшая за кошт. Аднак у нашай краіне шмат што даўно перакуленае з ног на галаву. І кошт змагання за беларушчыну насамрэч куды вышэйшы за цану зусім не таннай байкі ад «LSTR» або покерных картаў «100 гадоў БНР». Прасцей кажучы, не было б ані першае, ані другое кніжкі Андрэя Горвата ці нават твораў самога Алеся Кіркевіча, калі б не было ўсяго папярэдняга змагання за беларускую мову – з пакалення ў пакаленне, за якое і стралялі, і высылалі «да белых мядзведзяў», і цкавалі, і з працы або з універсітэтаў выганялі. Не было б ані баек ад «LSTR», ані глянцу да стагоддзя БНР (ох, няўжо і тут гэтая настальгія па мінуўшчыне?!), ані беларускамоўнага меню ў чарговай моднай гарадзенскай кавярні, калі б не тыя няўцямныя, але ж упартыя «Мне каву з вяршкамі…», якія кропля да кроплі дадавалі вагі менавіта беларускамоўнаму сегменту ў беларускім бізнесе. Ці ж папросту з неба пападалі тыя кампаніі ды брэнды, якія пачалі знянацку карыстацца моваю нашае краіны?

Нічога гэтага не было б у тым ліку і без «шчырых беларусаў» – вечных нонканфармістаў з нямытымі валасамі, якіх не разумелі суседзі і прадавачкі ў крамах, якіх выганялі з вучобы і працы, якія не маглі сябе забяспечыць і прыбіцца ў жыцці да нейкага берагу – чужых на сваёй зямлі». Я добра памятаю тыя часы, маё станаўленне як беларуса прыпала акурат на другую палову 1990-ых. Можна спраўдзіць па здымках з таго часу: мы сапраўды выглядалі не гэтак модна, як сённяшняя моладзь. Дый жылі мы тады, здаецца, усё ж іншымі клопатамі. Гэта быў час, калі бясследна знікалі або таямніча паміралі апазіцыйныя лідары, журналісты і бізнесоўцы. Набіралася моцы дыктатура. Падпісваліся дамовы пра фактычнае зліццё з Расеяй. Пайшлі першыя суды за ўжо забароненую нацыянальную сімволіку. І адначасова гэта быў час дзёрзкіх графіці і бел-чырвона-белых сцягоў, якія ўначы вывешвалі на дахах няпоўнагадовыя падлеткі – я думаю, Алесю, ужо гэтага дастаткова, каб не прыглядацца да таго, хто там памыў галаву ці не памыў?

Аўтар у «нямытыя 1990-я», Горадня (фота з асабістага архіву)

А вось калі хто апошні раз бачыў новае прабеларускае ды незалежніцкае графіці? Або сцяг на высотцы каля праспекту? Вядома, можна запярэчыць: маўляў, падумаеш, скокі па дахах ці пшыканне фарбай – учорашні дзень, затое цяпер можна беларускамоўны сайт стварыць або кеды з «Калюмнамі» ў серыйную вытворчасць запусціць. Алесю, у «нямытыя» 1990-ыя тупа інтэрнэту амаль ані ў каго не было. Гэта быў час, калі прыкметаю прасунутасці ды высокага статусу ў грамадстве быў не айфон апошняе мадэлі, а пэйджар, а да першых мабільнікаў са складнымі антэнамі, якія больш нагадвалі нейкія пульты ад трактароў, яшчэ было жыць і жыць.

Мы рабілі тое, што маглі, і тым, чым маглі. І, так, гэта ўсё было «гуманітарнай місіяй, маральным абавязкам, палітыкаю, «змагарствам», старой з працягнутаю рукой – чым заўгодна, але не бізнесам». Мы не былі прадажнымі агентамі Дзярждэпу, нам не плацілі за акцыі, як пра тое ўсцяж цвердзіць афіцыйная прапаганда. Як, зрэшты, і палохае тым, што здарыцца, калі раптам да ўлады прыйдуць «свядомыя» ды збудуюць сваю «вертыкаль у вышыванцы»: тут табе і прымусовы загон у бел-чырвона-белы БРСМ, і парады ветэранаў «Адраджэння», і епіскапы аўтакефальнай БПЦ на «лексусах»… Дык навошта паўтараць прапагандысцкія штампы? У чым канкрэтна папрок, апроч як у недагледжаных валасах? У ідэйнасці ды непрадажнасці? У шчырасці ды прынцыповасці?

Сур’ёзна?

Зрэшты, што мы ўсё пра мінуўшчыну – давайце і пра «ХХІ стагоддзе, у якім перамагае здаровая канкурэнцыя, прыватная ініцыятыва, новыя ідэі, падыходы, тэхналогіі, а замест нацыянальнага нафталіну сапраўдную каштоўнасць мае дынаміка і футурызм». Варта выйсці з утульнае кавярні, як беларускі дзэн зноўку набрыньвае шэранню рэчаіснасці. Вядома, не ўсё фатальна. Але ж знішчэнне беларушчыны нікуды не падзелася, за мову ўсцяж змагаюцца і ў прыёмных школ ды дзіцячых садкоў, і ў петыцыях супраць «Савушкінага продукту».

Няпоўны месяц таму адзін з піянераў нацыянальна арыентаванага мэрчу, сузаснавальнік і кіраўнік «Арт Сядзібы» і «Symbal.by» Павал Белавус распавядаў у сябе ў Фэйсбуку, як паўгода грукаўся ўва ўсе дзверы з просьбаю дазволіць прадаваць кнігі – і, бач ты! – уся праблема была ў… асабістай непрыязнасці да распаўсюднікаў беларушчыны міністра інфармацыі. Міліцыянты па-ранейшаму палююць на нацыянальную сімволіку, а Лукашэнка працягвае дамаўляцца пра «ўсё глыбейшую інтэграцыю» са сваймі расейскімі ці то яшчэ братамі, ці то ўжо партнёрамі.

Вядома ж, ставіць у адзін шэраг Кіркевіча, які, без перабольшання, уласную кроў праліваў ды ахвяраваў свабодаю за беларускую справу, з рознымі ватнікамі з-за ўсходняе мяжы ды мясцовымі бязроддзем аніяк не выпадае. Аднак прынамсі неадназначна на фоне гандлю незалежнасцю краіны гучыць «Хочаш беларушчыну? Бяры – і плаці».

Гэта – не пра бізнес, гэта пра тавар. У «нонканфармістаў жа з нямытымі валасамі», з ліку якіх, дарэчы, і шмат якія сённяшнія паспяховыя і нацыянальна арыентаваныя бізнесоўцы, Беларусь была і застаецца не таварам, а мараю.

Валера Руселік, belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары