«Беларусбанк» прыбраў крэдыты на набыццё кватэраў, бо ў яго скончыліся танныя грошы?


На сайце банку з’явілася паведамленне пра тое, што з 8 лістапада і да канца 2018 года банк больш не прымае новых заяваў на выдачу крэдытаў на набыццё жылых памяшканняў то бок кватэраў і дамоў. Выключэнне набыццё жылля, якое дзяржава пабудавала паводле дзяржзамовы, а таксама будаўніцтва новага жылля.

Разам з гэтым банк паведамляе, што камерцыйныя крэдыты на будаўніцтва жылля застаюцца але падвышаецца іх адсотак. Гэтак, калі раней такі крэдыт выдавалі пад 13 % гадавых на 20 гадоў, то зараз пад 15 % гадавых на такі ж тэрмін. Адзначым, што гаворка ідзе менавіта пра камерцыйныя крэдыты бо тыя, каму патрэбнае падтрыманне (шматдзетныя, вайскоўцы, суддзі і г.д.), і далей могуць атрымаць крэдыт. Таксама немагчыма зараз і прынамсі да канца года запазычыць грошы ў банку на набыццё другаснага жытла.

Гэткім чынам, другаснае жытло можна набыць толькі за свае ўласныя грошы. Але ж можна запазычыць грошы на будаўніцтва новай кватэры. Падлічым у грошах, колькі будуць каштаваць грамадзянам тыя 2 працэнтавыя пункты, на якія падвысіў банк крэдыт. Напрыклад, мы будуем аднапакаёўку коштам 50 тысяч долараў. Калі раней пераплата складала 65 тысячаў долараў, то цяпер складае 75 тысячаў. Усяго два адсоткавыя пункты, але цэлых 10 тысячаў долараў.

З чым звязаныя змены ўмоваў крэдытавання і як гэта паўплывае на рынак жылля? На нашыя пытанні адказаў эканаміст Антон Залясоўскі.

– У насельніцтва выраслі як інфляцыйныя, гэтак і дэвальвацыйныя чаканні ў сувязі з аслабленнем расейскага рубля. Значна знізіўся аб’ём продажу валюты фізічнымі асобамі, кажа эксперт.

Паводле эканаміста, за 9 месяцаў 2018 года беларусы павялічылі колькасць крэдытаў у банках. І не толькі спажывецкіх то бок на ўсялякія тэлевізары, лядоўні, тэлефоны і г.д. Гэтак, з пачатку года павялічылася запазычанасць па крэдытах на нерухомасць на 14,2 %.

– Дэвальвацыйныя ды інфляцыйныя чаканні насельніцтва растуць. Нацбанк праз гэта нервуецца. Гэткае рашэнне – прыпыніць выдачу крэдытаў гэта спроба захаваць добрыя паказнікі агулам па краіне, у тым ліку каб утрымаць інфляцыю ў межах 6 % на канец года.

Чаму ж «Беларусбанк» менавіта цяпер вырашыў падвысіць адсотак па крэдыце на жыллё? Справа толькі ў тым, што насельніцтва чакае дэвальвацыю? Але ж людзі заўсёды чакаюць яе, і раней «Беларусбанк» толькі паніжаў адсотак. Што цяпер здарылася? З улікам таго, што стаўка рэфінансавання не змянілася.

– На сённяшні дзень у «Беларусбанку» вялікая закрэдытаванасць. Ён не можа раздаваць вялікую колькасць грошай пад маленькі адсотак. Банк у асноўным атрымлівае грошы з банкаўскіх унёскаў. А цяпер людзі пачалі забіраць свае грошы з банкаў, бо баяцца дэвальвацыі. І банкі ніяк не могуць паўплываць на гэтую тэндэнцыю. Адным словам, у банкаў сканчаюцца танныя грошы.

Чыноўнікі неаднойчы казалі пра тое, што праз пэўны час, калі інфляцыя будзе маленькая, можна казаць пра іпатэку, то бок пра танныя крэдыты на жыллё. Афіцыйная інфляцыя ў нас маленькая. Напрыклад, летась яна ўвогуле склала менш за 5 % і была рэкордна нізкая. Ці можна цяпер казаць пра тое, што ўрад і Нацбанк не могуць стрымаць інфляцыю і яна пачне расці?

– Магчыма, у «Беларусбанку» зявілася інфармацыя датычна далейшага развіцця грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2019 год. І банк пачаў страхавацца ўжо цяпер. Усе макраэканамічныя паказнікі (узровень інфляцыі, стан плацежнага балансу краіны, велічыня афіцыйных золатавалютавых рэзерваў краіны, курс долара), запланаваныя на гэты год, урад выканае, але гэта не значыць, што не знойдзецца нейкі фактар, які можа змяніць цяперашнюю сітуацыю на пачатку наступнага года. Я думаю, стаўка рэфінансавання пачне расці і «Беларусбанк», напэўна, ужо пра гэта ведае.

ЛП, belsat.eu

Стужка навінаў