Беларусаў чакаюць моцныя маразы і галалёдзіца


У Беларусь ідзе скандынаўскі антыцыклон, сфармаваны ў халоднай паветранай масе. Нас чакае марознае надвор’е пераважна без ападкаў.

У аўторак 27 лістапада пераважна без ападкаў, месцамі па паўночным усходзе пройдзе невялікі снег. Уначы і раніцай магчымы слабы туман. На асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. Тэмпература ўначы ад -3 да -9, пры праясненнях паветра да -12, максімальная тэмпература ўдзень ад 0 да -6.

28 лістапада будзе без істотных ападкаў. Таксама галалёдзіца. Уначы ад -5 да -11, удзень да -7.

29 лістапада – без ападкаў і з галалёдзіцай. Уначы ад – 8 да – 15, месцамі да -18, удзень ад -2 да -9.

30 лістапада – без ападкаў і з галалёдзіцай. Уначы ад –7 да – 14, на ўсходзе ад -15 да -18, удзень ад -2 да -8.

Як паводзіць сябе ў галалёдзіцу

Дзеля бяспекі ратавальнікі МНС рэкамендуюць не насіць на вуліцы абутак на абцасах, не спяшацца, наступаць на ​​ўсю падэшву. Пры гэтым ногі павінны быць злёгку разняволеныя, рукі вольныя.

Пажылым людзям рэкамендуецца выкарыстоўваць кій з гумовым наканечнікам ці адмысловую завостраную палку. Калі Вы паслізнуліся, прысядзьце, каб знізіць вышыню падзення. У момант падзення паспрабуйце згрупавацца і перакаціцца, каб змякчыць удар аб зямлю.

Пры атрыманні траўмы неадкладна звярніцеся ў траўматалагічны пункт або выклікайце хуткую дапамогу.

belsat.eu

Стужка навінаў