Беларусам адмовілі ў эвакуацыі з Непала на бясплатным самалёце для еўрапейцаў


Супрацоўніца кампаніі, якая займаецца эвакуацыяй з Непала, параіла беларусам уступаць у ЕЗ, каб пакінуць зону стыхійнага бедства разам з грамадзянамі Еўразвязу.

Цягам трох дзён у Непале адбываюцца падземныя штуршкі. Аэрапорты перапоўненыя і выехаць з краіны цяпер вельмі цяжка.

«Сёння некаторыя амбасады эвакуявалі жыхароў Еўразвязу. Мы адпраўлялі хлопчыка з Германіі ў Тайланд на лячэнне, былі ў аэрапорце. Нас бельгійцы не захацелі браць на борт самалёта, які эвакуюе людзей. Супрацоўніца, якая займалася пасадкай, а квіткі пры гэтым бясплатныя, сказала, што беларусы не еўрапейцы. Я кажу: «Мы – Еўропа». А яна адказвае: «Вы не Еўразвяз». Тады я і мая знаёмая з Расеі спыталі: што ж нам рабіць? На што гэтая спадарыня адказала: «Уступайце ў Еўразвяз», – распавяла выданню novychas.info беларуска Любоў Праневіч, якая апынулася ў Катманду акурат падчас землятрусу.

Паводле яе сёння з раніцы ў Непале было спакойна, а да гэтага цягам двух дзён назіраліся падземныя штуршкі. Самы моцны, які і прынёс вялікія разбурэнні, адбыўся ў суботу. Цяпер ёсць пагроза атручвання вады трупамі ахвяраў.

Уначы людзі спяць у намётах на вуліцы, бо заставацца ў памяшканнях вельмі рызыкоўна. Афіцыйная колькасць ахвяраў землятрусу, які адбыўся 25 красавіка, на дадзены момант складае 3 617 чалавек, пацярпелых – 6 538.

Землятрус магнітудай 7,9, з эпіцэнтрам паміж сталіцай Катманду і горадам Покхара стаў самым магутным за апошнія 80 гадоў.

ЮВ, паводле novychas.info

Стужка навінаў