Беларуса з маскоўскай школы не пусцілі на алімпіяду


Федэральная служба бяспекі Расеі без аніякіх тлумачэнняў забараніла ўсім замежнікам, якія навучаюцца ў расейскіх школах, удзельнічаць у алімпіядзе па крыптаграфіі. Школьнікаў пра гэта не папярэдзілі, таму 29 лістапада некалькіх замежнікаў з маскоўскіх школ трымалі на марозе перад ганкам Акадэміі ФСБ.

Алімпіяда па матэматыцы і крыптаграфіі ладзіцца Акадэміяй ФСБ і Інстытутам крыптаграфіі, сувязі і інфарматыкі з 1991 года. Перамога ў ёй дае 100 балаў Адзінага дзяржэкзамену па матэматыцы пры паступленні ў вучэльні, які прызнаюць алімпіяду. Арганізатары падкрэсліваюць, што заданні алімпіяды маюць матэматычную сутнасць, але частка іх вырашаецца паводле законаў крыптаграфіі – навукі аб стварэнні і ўзломе шыфраў.

Сёлета алімпіяда прайшла ў 36 вучэльнях па ўсёй Расеі. Як мінімум частку школьнікаў на яе не пусцілі.

«Ахоўнікі ўзялі мой беларускі пашпарт і сказалі, што трэба пачакаць, пакуль вырашаецца пытанне аб маім удзеле», – распавёў вучань адзінаццатага класа школы «Інтэлектуал» Яўген Кайляк.

У будынак Акадэміі ФСБ мяне не пусцілі, таму прыйшлося чакаць на марозе, – кажа беларус. – Урэшце вышлі нейкія людзі ў форме, якія не прадставіліся, і паведамілі, што замежных грамадзянаў ім пускаць забаронена.

Разам з нашым суайчыннікам не пусцілі яшчэ чатырох замежнікаў, хаця паводле правілаў правядзення алімпіяды, замежнікам не забараняецца браць у ёй удзел.

Паводле словаў настаўніцы Яўгена, матэматыка Наталлі Нетрусавай, з такой дыскрымінацыяй яна сустракаецца ўпершыню: «У Маскве вучацца дзеці з самых розных краінаў, яны бяруць удзел у алімпіядах на аднолькавых умовах».

Настаўніца лічыць, што школьнікам трэба падаць скаргу і дамагчыся правядзення асобнага туру для замежнікаў.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў