Беларуса, які ваяваў за «ЛНР», пасадзілі на 2 гады


4 мая 2018 года Магілёўскім абласным судом вынесены абвінаваўчы прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да жыхара гораду Круглае за здзяйсненне злачынства, прадугледжанага ч.1 ст.361-3 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Пра гэта паведамляецца на сайце Вярхоўнага суда.

Суд высветліў, што ён неаднаразова заязджаў ва Украіну на тэрыторыю самаабвешчанай Луганскай Народнай Рэспублікі праз расейскія пункты пропуску.

Суд зазначае, што мужчына быў залічаны ў якасці вайскоўца, забяспечаны баявой агнястрэльнай зброяй, боепрыпасамі ды форменным абмундзіраваннем вайскоўца самаабвешчанай Луганскай Народнай Рэспублікі. Таксама ў яго было пасведчанне ад вайсковай часці.

«Абвінавачаны Я. удзельнічаў ва ўзброеным канфлікце з Узброенымі Сіламі Украіны: абсталёўваў баявыя пазіцыі, праводзіў абстрэлы пазіцый Узброеных Сілаў Украіны з выкарыстаннем замацаванай за ім баявой агнястрэльнай зброі, выбываў у складзе разліку на лінію размежавання супрацьлеглых бакоў для карэкціроўкі і вядзення агню па пазіцыях суперніка, вёў агонь па ўказаных пазіцыях», – паведамляе Вярхоўны суд.

Абвінавачанаму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады. Адбываць яго ён будзе ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Хутчэй за ўсё, абвінавачаным з’яўляецца Іван Яравы з пазыўным «Пушкін». У кастрычніку 2015 году, пасля таго як Іван Яравы зʼездзіў на пабыўку дадому, яго затрымалі ў Воршы, але праз тыдзень выпусцілі з СІЗА, папярэдзіўшы пра крымінальную адказнасць за наёмніцтва. Пасля гэтага ён зноў вярнуўся ў «ЛНР».

У жніўні 2016-га Яравы пакінуў Данбас і вярнуўся ў свой родны горад Круглае. У траўні мінулага году суд Круглянскага раёну накіраваў яго ў ЛПП (лячэбна-працоўны прафілакторый). Тады ў яго атрымалася выехаць з Беларусі і зноў трапіць на вайну. Цяпер жа сыйсці ад адказнасці ў яго не атрымалася.

ГА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары