Беларуса Тадэвуша Кандрусевіча не пусцілі ў Беларусь. Ці законна гэта? Каментуе юрыст


Паводле эксперта, гэта наўпроставае парушэнне Канстытуцыі.

31 жніўня на памежным пераходзе Кузніца Беластоцкая – Брузгі супрацоўнікі памежнай службы Рэспублікі Беларусь адмовілі кіраўніку беларускага каталіцкага епіскапату ва ўездзе ў краіну без тлумачэння прычыны. Пра гэта афіцыйна паведаміў генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч вяртаўся з замежнай службовай паездкі. Больш за тое, кіраўнік каталіцкага Касцёлу Беларусі мае беларускае грамадзянства. Ці законна гэта?

Абноўлена
Мітрапаліта Кандрусевіча не ўпусцілі ў Беларусь, ён вяртаўся з Польшчы
2020.08.31 15:45

Юрыст Аляксандр Жук распавёў «Белсату», што ніводзін беларускі закон не забараняе ўезду ў краіну грамадзяніну Беларусі.

«Памежныя службы могуць не выпусціць некага з Беларусі. Але падставы, каб не ўпусціць, – не прапісаныя ў ніводным заканадаўчым акце. Больш такога, я б сказаў, што гэта прамое парушэнне Канстытуцыі Беларусі, якая дае права грамадзяніну на ўезд і знаходжанне ў нашай краіне. Рэспубліка Беларусь мусіць абараняць правы сваіх грамадзянаў і рэалізацыю іхных правоў, а тут адбываецца невядома што», – пракаментаваў Аляксандр Жук.

Юрыст кажа, што ўлады могуць тлумачыць, што не ўпусцілі ў Беларусь мітрапаліта праз нейкую дадатковую працэдуру мытнага дагляду, якая мае адбыцца пазней. Памежныя службы могуць таксама апраўдвацца збоем у сваёй пашпартнай базе, якая перыядычна абнаўляецца.

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.
Фота: Дзяніс Дзюба / belsat.eu

Паводле беларускага заканадаўства, кожны кіраўнік рэлігійнай супольнасці ў Беларусі мае быць грамадзянінам нашай краіны. Выключэннем з закону была сітуацыя былога настаяцеля Беларускай праваслаўнай царквы – мітрапаліта Паўла, які цягам блізу 7-мі гадоў сваёй працы ў Беларусі заставаўся грамадзянінам Расейскай Федэрацыі. Мітрапаліт Кандрусевіч – ураджэнец Беларусі і мае грамадзянства нашай краіны.

Раней мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч афіцыйна асудзіў ранейшае блакаванне ўзброенымі АМАПаўцамі дзвярэй у Чырвоным касцёле, у якім схаваліся пратэстоўцы. Мітрапаліт назваў дзеянні сілавікоў грубым парушэннем правоў вернікаў і свабоды веравызнання. Лідар Касцёлу ў Беларусі заявіў свой рашучы пратэст супраць неправамерных дзеянняў сілавых структур, расследавання інцыдэнту і пакарання вінаватых.

Віктар Шукеловіч Belsat.eu

Стужка навінаў