Беларусь зняла абмежаванне на колькасць дыпламатаў ЗША ў Менску


Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей 10 студзеня паведаміў Вашынгтону пра рашэнне Менску зняць абмежаванне на колькасць амерыканскіх дыпламатаў у Менску, паведамляе амерыканскі часопіс Foreign Policy. Выданне называе гэта «дыпламатычным прарывам».

Па дадзеных двух крыніцаў Foreign Policy ў дыпламатычных колах ЗША, пра гэта Уладзімір Макей сказаў у тэлефоннай размове памочніку дзяржсакратара ЗША па еўрапейскіх і еўразійскіх справах Уэссу Мітчэл у чацвер, 10 студзеня, паведамляе TUT.BY.

З 2008 года амерыканская амбасада ў Менску функцыянуе ва ўрэзаным складзе, без амбасадара. Спачатку быў усталяваны ліміт у пяць дыпламатаў, але паступова ён быў пашыраны да 10, паведамляе амерыканскае выданне.

«Гэта вялікі крок. Гэта пачатак адлігі», – сказаў Foreign Policy амерыканскі чыноўнік.

Па дадзеных выдання, амбасада ЗША ў краіне такога памеру, як Беларусь, звычайна налічвае каля 30 дыпламатаў.

Часопіс звязвае новы крок Менску з канфліктам паміж Беларуссю і Расеяй. FP цытуе заяву Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што, калі расейскае кіраўніцтва працягне ісці сваім курсам, яно страціць адзінага саюзніка на заходнім напрамку.

Лукашэнка сустракаўся з Уэссам Мітчэл у кастрычніку летась у Менску. Кіраўнік краіны тады заявіў, што Беларусь для ЗША можа стаць «самым надзейным, сумленным і шчырым партнёрам».

«Калі мы дамовімся і ў Беларусі нешта вам паабяцаем, нават у шкоду сабе мы гэта выканаем», – дадаў тады беларускі кіраўнік.

Таксама ў кастрычніку мінулага года ЗША працягнулі прыпыненне санкцый супраць 9 беларускіх прадпрыемстваў на год, а не на паўгода, як звычайна.

Hавiны
«Ніхто нікога не нахіліць». Лукашэнка не хоча аб’ядноўвацца з Расеяй
2019.01.10 13:37

СК, belsat.eu

Стужка навінаў