Беларусь збіраецца выслаць у Расею яшчэ аднаго чачэнца, якога катавалі на радзіме


У ізалятары часовага ўтрымання ў Берасці ўжо чатыры месяцы знаходзіцца грамадзянін Чачэнскай рэспублікі, які спрабаваў атрымаць у Беларусі статус уцекача. Праваабарончая місія Human Constanta паведамляе, што суд адмовіў мужчыну. Цяпер 40-гадовага Зелімхана (імя змененае) збіраюцца выслаць у Чачэнію, дзе яму пагражае турма, катаванні і, магчыма, смерць.

4 красавіка 2017 года Зелімхан звярнуўся да праваабаронцаў і распавёў, што прыехаў у Берасце 21 сакавіка. Цягам васьмі дзён ён ездзіў на цягніку ў Тэрэспаль, намагаючыся падаць заяву на атрыманне статусу ўцекача ў Польшчы. Аднак польскі бок не прыняў заяву. У размове з польскімі памежнікамі Зелімхан неаднаразова падкрэсліваў, што на радзіме яго незаконна затрымлівалі, прымянялі фізічныя катаванні, а ў Берасці яго могуць шукаць чачэнскія сілавікі.

«Душылі нагамі, лілі на скуру расплаўлены пластык»

«У Чачэніі для Зелімхана існуе рэальная пагроза, яго шмат разоў затрымлівалі, збівалі, катавалі», – гаворыць юрыст місіі Human Constanta Мікіта Мацюшчанкаў.

«У другую чачэнскую вайну Зелімхан сапраўды ваяваў супраць федэральных войскаў, але, паводле ягоных слоў, усяго некалькі месяцаў. У 2008 годзе ля мячэту, куды хадзіў Зелімхан, адбыўся тэракт. Неўзабаве яго затрымалі, адвезлі ў нейкае памяшканне. Ён сам распавёў нам, што там яго павалілі на ложак трое невядомых, наступалі нагамі, ціснулі на галаву. Пасля вылілі на нагу расплаўнены пластык – шрам заўважны дагэтуль. Пасля выкінулі збітага на вуліцу», – распавядае праваабаронца.

Апошні ж эпізод з затрыманнем Зелімхана адбыўся ў снежні 2016 году – тады яго таксама адвезлі ў незнаёмае памяшканне, дзе былі яшчэ затрыманыя чачэнцы. Іх прымушалі «выдаваць сябе за баевікоў». Паводле аповеду Зелімхана, асобных вязняў пакідаюць у тым памяшканні надоўга, пакуль не адрастае барада. Пасля іх пераапранаюць у вайсковую вопратку, адвозяць у закінутае месца і забіваюць. Праваабаронцы мяркуюць, што чачэнскія сілавікі робяць гэта «з мэтаю выслужыцца перад кіраўніцтвам».

У снежні Зелімхану пашанцавала – яго адпусцілі. Усяго ж за 9 год пераследу ён спрабаваў эміграваць у Турцыю, але быў адтуль дэпартаваны, як і з Грузіі. У Азербайджане да яго прыехалі сілавікі з Чачэніі і пагрозамі прымусілі вярнуцца. Нарэшце ён вырашыў з’ехаць праз Беларусь на Захад.

Рамзан Кадыраў узнагароджвае сілавікоў, фота РИА Новости

Да дэпартацыі – пад варту

Юрысты з Human Constanta склалі для Зелімхана афіцыйны ліст на польскай мове з просьбаю надаць Зелімхану статус уцекача і прапусціць на тэрыторыю Польшчы. Аднак на наступны дзень, 5 красавіка, чачэнца спынілі беларускія памежнікі. Яны анулявалі пастаўлены раней штамп аб выездзе ў пашпарце Зелімхана, затрымалі яго прыкладна на 40 хвілін і адпусцілі. Аналагічная сітуацыя паўтарылася і 6 красавіка. Праўда, гэтым разам з Зелімханам гутарыў невядомы чалавек, які назваўся «юрыстам» і паабяцаў, што больш праблемаў з выездам не будзе.

Аднак 13 красавіка Зелімхана затрымалі памежнікі ў будынку берасцейскга вакзалу падчас спробы прайсці пашпартны кантроль. Высветлілася, што яшчэ 5 красавіка Упраўленне МУС Расеі па Грозным абʼявіла ў міждзяржаўны вышук па падазрэнні ва ўдзеле ў незаконным узброеным фарміраванні. Пакаранне паводле гэтага артыкулу прадугледжвае ад 8 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

У той жа дзень аддзел па грамадзянстве і міграцыі Ленінскага раёну Берасця прыняў рашэнне аб прымусовай высылцы Зелімхана ў Расею. Да высылкі яго вырашылі трымаць пад вартай у ІЧУ.

Праваабаронцы накіравалі ў ІЧУ адвакатаў і 20 красавіка Зелімхан падаў хадайніцтва аб наданні яму статусу ўцекача альбо аб дадатковай абароне ў Беларусі. На час разгляду гэтага хадайніцтва працэс высылкі быў прыпынены.

Чачэнскія сем’і ў лагеры пад Берасьцем, архіўнае фота mybrest.by

«Прычыны выезда не маюць прававога значэння»

З ізалятару Зелімхан падаў абскардзіў рашэнне аб высылцы ў дзвюх інстацыях – УУС Берасцейскга аблвыканкаму і суд Ленінскага раёна Берасця. 5 і 15 жніўня адбыліся судовыя паседжанні, падчас якіх Зелімхан распавёў пра катаванні і пагрозу для ягонага жыцця па вяртанні ў Чачэнію. 16 жніўня суд не задаволіў скаргу. Паводле пастановы суду, «прычыны выезда заяўніка не маюць прававога значэння ў рамках разгляду скаргі».

«На судзе прысутнічаў працаўнік аддзелу па грамадзянстве і міграцыі, які прымаў рашэнне выслаць Зелімхана. Ён ніякім чынам не каментаваў заявы пра катаванні. Праваабаронцаў здзівіла, што гэты працаўнік сказаў, што нібыта ён размаўляў з чачэнскай паліцыяй наўпрост па тэлефоне наконт справы Зелімхана. Пакуль складана даць нейкую прававую ацэнку такім дзеянням, але гэта як мінімум дзіўна», – кажа Нікіта Мацюшчанкаў.

«Таксама падчас суду высветлілася, што квіткі на цягнік да Смаленска беларускі бок набыў для Зелімхана яшчэ 5 красавіка. У Смаленску яго ўжо чакалі чачэнскія паліцыянты. Калі б не абскарджванне, то ён даўно быў бы ў Чачэніі», – дадае Мацюшчанкаў.

***

Звязацца з прэс-сакратаром МУС Расеі па Чачэнскай рэспубліцы Магамедам Дзяніевым не ўдалося – у працоўны час па канаткным нумары, пазначаным на афіцыйным сайце ведамства, ніхто не адказвае.

У прэс-цэнтры МУС Расеі ў Маскве адмовіліся вусна і аператыўна каментаваць сітуацыю.

Нагадаем, сёлета ў чэрвені Беларусь ужо дэпартавала  нарадзінца Чачэніі – спартоўца Мурада Амрыева. З пастарунку ў Добрушы яго па патрабаванні чачэнскіх сілавікоў прымусова вывезлі ў Расею. Тады справа атрымала рэзананс і крымінальную справу супраць яго закрылі, але ў ліпені ў Пяцігорску Амрыева зноў хацеў затрымаць спецназ. Пераслед не спыніўся і Амрыеў па-ранейшаму вымушаны хавацца ад чачэнскіх сілавікоў.

Тым часам тысячы чачэнцаў штодня спрабуюць пакінуць Берасце на цягніку да польскага Тэрэспаля – усе яны заяўляюць пра пераслед на радзіме і просяць надаць ім статус ўцекачоў.

Праваабарончая арганізацыя Human Constanta з лета мінулага году разгарнула місію ў Берасці. Яе ўдзельнікі дапамагаюць уцекачам з Паўночнага Каўказу ў юрыдычных і гуманітарных пытаннях.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў