Беларусь знікае з радараў. Як вярнуць нам голас на міжнароднай арэне?




Адна з найбуйнейшых рэгіянальных імпрэзаў у сферы глабальнае бяспекі. Але без удзелу Беларусі. У польскай сталіцы адбыўся Варшаўскі форум бяспекі, які сабраў больш за сотню экспертаў з Еўропы, ЗША ды Азіі, а таксама прадстаўнікоў урадаў, NATO ды іншых уплывовых міжнародных арганізацыяў. Пытанні беларускай бяспекі і перспектываў нашай супрацы, аднак, не прагучалі. Ці Беларусь усё яшчэ цікавіць заходнія краіны? І якое месца мы займаем у супрацьстаянні Захаду і Расеі?

Каментуюць віцэ-міністр абароны Літвы Вітаўтас Умбрасас, рэдактар «Politico» Пол Тэйлар, дырэктар Усходнееўрапейскай школы палітычных навук Аляксандр Дабравольскі ды арганізатар Варшаўскага форуму бяспекі Збігнеў Пісарскі.

Каля тысячы ўдзельнікаў. Сярод іх – усяго некалькі з Беларусі. Нашая краіна амаль не згадвалася падчас выступаў і дэбатаў.

«Праблема – у тым, што мы можам стаць краінай, якая зноў з’явіцца ў фокусе, але з нядобрай нагоды. Зараз сур’ёзна абмяркоўваецца, хто наступны ў планах той краіны, якая тут амаль што не прысутнічае, але ўвесь час згадваецца», – кажа дырэктар Усходнееўрапейскай школы палітычных навук Аляксандр Дабравольскі.

Расейская агрэсія ва Украіне – тэма нумар адзін на Варшаўскім форуме бяспекі з часу яго стварэння. Першая канферэнцыя адбылася ў лістападзе 2014 года, пасля пачатку агрэсіі Расеі супраць Украіны.

«Гэта не мусіць здзіўляць. Гэта адбылося побач з намі, і гэта ёсць праяўленнем агрэсіі супраць нашага суседа», – адзначае прэзідэнт польскага Фонду Казімежа Пуласкага, арганізатар Варшаўскага форуму бяспекі Збігнеў Пісарскі.

Беларусь – таксама суседка Польшчы. Тым не менш у вайскова-палітычным плане тут на Менск глядзяць зусім іначай. Назва нашай краіны гучала на форуме перадусім у кантэксце саюзу з Расеяй. Хоць прадстаўнікі ўраду Беларусі таксама атрымалі запрашэнне на сёлетні форум, у Варшаву не прыехалі.

«Мы стараемся запрашаць, але ў гэтым годзе магчыма недастаткова энергіі мы ўклалі, каб было больш беларусаў. Ці, можа, таксама беларускі бок недастаткова дакладна адказаў на нашае запрашэнне. Так ці іначай, мы заўсёды ахвотна будзем браць пад увагу беларускі голас – прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці перадусім, але і прадстаўнікоў ураду», – працягвае Збігнеў Пісарскі.

Падобнага меркаванне трымаецца і літоўскі бок, які быў шырока рэпрэзентаваны на Форуме на найвышэйшым узроўні. Хоць ужо некалькі гадоў адно з найбольш вострых пытанняў на лініі Вільня – Менск – Атамная электрастанцыя ў Астраўцы, якую будуе расейскі «Росатом». Літоўскі ўрад афіцыйна называе яе пагрозаю нацыянальнае бяспецы краіны. Прыглядаецца афіцыйная Вільня і да вайсковай актыўнасці на тэрыторыі Беларусі.

«Мы казалі падчас сённяшніх сесіяў, што тыя рухі, тыя манеўры, іншыя рэчы, якія робіць Расея, вельмі непакояць нас. І так як Беларусь вельмі аб’яднаная з Расеяй, мы глядзім на іх як на адно цэлае. Вядома, мы разумеем, што Беларусь і Расея – гэта не адно цэлае шмат у якім сэнсе, але ў вайсковым сэнсе, у палітычным сэнсе вы – у шчыльным саюзе з Расеяй, і часта мы бачым аб’яднаныя дзеянні ў гэтым плане», – тлумачыць віцэ-міністр абароны Літвы Вітаўтас Умбрасас.

З часоў анексіі Крыму Літва і Польшча актыўна ўзмацняюць сваю абароназдольнасць на ўсходнім кірунку. Некалькі тыдняў таму Варшава чарговы раз выказала спадзяванне, што на тэрыторыі Польшчы размясціцца вайсковая база ЗША. На меркаванне Пола Тэйлара, прадстаўніка даследніцкага цэнтру «Сябры Еўропы» і рэдактара ўплывовага парталу «Politico», у гэтым выпадку Беларусь – мяса ў расейска-натаўскім сандвічы.

«Рызыка відавочна палягае на тым, што калі б Злучаныя Штаты размясцілі сталую вайсковую базу ў Польшчы, Расея адпомсціла б нейкім чынам. Адзін з магчымых шляхоў (не адзіны з магчымых шляхоў, але тым не менш) – маштабная мілітарызацыя Беларусі», – мяркуе рэдактар «Politico» і аналітык праекту «Friends of Europe» Пол Тэйлар.

На меркаванне Пола Тэйлара, у такой сітуацыі інтарэсы Беларусі можа бараніць толькі сама Беларусь: «Гэта надзвычайная сітуацыя. З аднаго боку, вы маеце прэзідэнта Лукашэнку, які намагаецца абмежаваць сталую прысутнасць Расеі і не правакаваць яе. З іншага боку – вы маеце Польшчу, якая актыўна заклікае размясціць у сябе амерыканскую вайсковую базу. Яна верыць, што гэта адзіная гарантыя бяспекі ў выпадку расейскай агрэсіі».

З іншага боку, і Польшча, і Літва падкрэсліваюць, што адкрытыя на супрацу з Беларуссю ды разлічваюць на добрасуседскія дачыненні. Цягам апошніх гадоў паміж Менскам і Еўразвязам працягваецца перыяд пацяплення, але ўсцяж недастатковы, каб адносіны выйшлі на новы ўзровень.

«Я думаю, што сама Беларусь мусіць быць больш актыўная. Тут была згадка пра «Усходняе партнёрства». І я шчыра магу сказаць, што і з боку Літвы мы спадзяемся на больш актыўную Беларусь ва «Усходнім партнёрстве», – кажа Вітаўтас Умбрасас.

А ўдзельнікі Варшаўскага форуму спадзяюцца на большую актыўнасць нашай краіны на сваёй пляцоўцы.

«Мяркую, што такі троху праклён Беларусі – тое, што мы чуем пра яе, толькі калі ёсць кроў на вуліцах ці маніфестацыі, але праблемы не развязваюцца сілаю. І таксама яны не развязваюцца ў маўчанні. Таму выклік і для беларускага грамадства, журналістаў, і для нас, суседзяў – каб Беларусь прысутнічала ў дэбатах і дыскусіях. У тым ліку падчас такіх падзеяў, як Варшаўскі форум бяспекі», – дадае Збігнеў Пісарскі.

Бо без голасу з Менску на Беларусь і далей будуць глядзець як на залежны элемент і на тэрыторыю, адкуль можа прыйсці расейская пагроза.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Фота: Viktor Drachev / TASS / FORUM

Стужка навінаў