Беларусь застаецца чэмпіёнам рэгіёну ў дэфіцыце кампетэнцыяў у выпускнікоў


Першыя ахвочыя стаць студэнтамі рушылі ва ўніверсітэты. ВНУ распачалі прыём дакументаў.

БУДУЧЫЯ СТУДЭНТЫ:

«Намаганняў шмат прыклала, рыхтавалася нават не адзін год ужо. Спадзяюся ўсё будзе добра, усё атрымаецца».

«Галоўнае трапіць на бюджэт, такая ў мяне мэта. А куды? Гэта ўжо залежыць куды возьмуць. Галоўнае, яно вышэйшае, і галоўнае на бюджэце».

На бясплатныя месцы сёлета могуць разлічваць прыкладна дваццаць восем тысяч абітурыентаў. Агулам жа вышэйшыя навучальныя ўстановы плануюць прыняць больш за 63 тысячы студэнтаў.

«Хіба будзем аплочваць, калі не пройдзем».

«Трэба ж атрымліваць вышэйшую адукацыю. Калі падабаецца спецыяльнасць, то можа і на платнае варта ісці».

Акурат БНТУ, сярод беларускіх ВНУ ў ліку найбольш прэстыжных. Але платная адукацыя, яшчэ не значыць якасная, падкрэсліваюць адмыслоўцы.

УЛАДЗІМІР ДУНАЕЎ, СЯБРА ГРАМАДСКАГА БАЛОНСКАГА КАМІТЭТУ:

«Беларусь застаецца чэмпіёнам рэгіёну ў дэфіцыце кампетэнцыяў у выпускнікоў. Калі прадстаўнікі кадравых агенцтваў гавораць пра кампетэнтнасць выпускнікоў, яны кажуць, што прыкладна восем адсоткаў выпускнікоў адпавядаюць патрабаванням працадаўцаў».

Кульгаць жа беларуская адукацыя пачынае яшчэ на ўзроўні сярэдняй школы, заўважаюць шматлікія адмыслоўцы.

СВЯТЛАНА МАЦКЕВІЧ, КАНДЫДАТ ПЕДАГАГІЧНЫХ НАВУК, ЭКСПЕРТКА Ў АДКУКАЦЫІ:

«Даводзіцца год-паўтра прысвячаць на выпраўленне браку школы, што раней рабілі ПТВ. Гэта не ўласцівая ўніверсітэтам функцыя, але з гэтым даводзіцца лічыцца і з гэтым даводзіцца працаваць, і тады ВНУ перастаюць выконваць сваё асноўнае прызначэнне».

Хаця на дзяржаўным узроўні як бы не заўважаюць праблемы. Як заявіў у часе абмеркавання сёлетняй уступнай кампаніі Аляксандр Лукашэнка: вышэйшая адукацыя не павінна быць масавай у адмоўным сэнсе гэтага слова, неабходна, каб яна заставалася элітарнай.

Вольга Кляўчэня belsat.eu

Стужка навінаў