Беларусь запатрабуе ад «Транснефть» кампенсацыю за паступленне няякаснай нафты


Беларусь мінімізуе наступствы ад паступлення няякаснай нафты з Расеі і будзе абмяркоўваць з кампаніяй «Транснефть» механізмы кампенсацыі. Пра гэта паведаміў старшыня канцэрну «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў.

Першымі паступленне нафты з сур’ёзнымі адхіленнямі па якасці выявілі на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе, піша БелТА.

«Асобныя пробы паказвалі перавышэнне ўтрымання хлорарганічных злучэнняў у 100 разоў. Небяспека гэтых злучэнняў заключаецца ў іх высокай каразійнай агрэсіўнасці, таксама магчымая забіўка асобнага цеплаабменнага абсталявання і атручванне каталізатарнай сістэмы. Зыходзячы з унікальнасці абсталявання яго рамонт будзе займаць ад шасці месяцаў і больш. Калі казаць пра грашовы эквівалент, то гэта як мінімум дзясяткі мільёнаў долараў, шкода можа вылічацца сотнямі мільёнаў долараў», – растлумачыў Андрэй Рыбакоў.

З улікам працягласці нафтаправоду на «Нафтан» нафта з павышаным утрыманнем хлорарганікі яшчэ не паступіла.

Кіраўнік «Белнафтахіму» адзначыў, што няякасная нафта лакалізаваная на тэхнічных пераходах, гэты прадукт выведзены з працэсу перапрацоўкі. Такім чынам, з нафтаперапрацоўчых заводаў выходзяць толькі якасныя, адпаведныя ўсім стандартам прадукты: бензін, дызельнае паліва. Унутраны рынак будзе цалкам забяспечаны якасным палівам.

Што да наступстваў з-за паступлення няякаснай нафты, то шкоду пакуль складана пралічыць, некаторыя наступствы могуць выявіцца не цяпер, а дадуць пра сябе ведаць праз час.

«Усе магчымыя наступствы будуць абмеркаваны з «Транснефтью» падчас нарады. Беларускі бок будзе настойваць на выпрацоўцы кампенсацыйных механізмаў», – сказаў старшыня «Белнафтахіму».

На працягу апошніх дзён адбылося рэзкае пагаршэнне якасці расейскай экспартнай сумесі Urals, якая паступае транзітам ва ўчастак магістральнага нафтаправоду ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Як адзначаюць у канцэрне, такіх прэцэдэнтаў раней не было.

«Белнафтахім» заяўляе, што Расея пачала пастаўляць кепскую нафту

Сістэма магістральных нафтаправодаў «Дружба» забяспечвае пастаўкі нафты не толькі на абодва беларускія НПЗ, але і транзіт нафты ў Еўропу праз Беларусь па двух напрамках – праз Польшчу і Украіну.

Расея знайшла альтэрнатыву беларускаму нафтаправоду «Дружба»

СК belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары