Беларусь з'яўляецца самай несвабоднай краінай у Еўропе


Амерыканская няўрадавая арганізацыя Freedom House апублікавала даклад «Свабода ў свеце – 2019». Паводле даследчыкаў Беларусь надалей знаходзіцца ў спісе «несвабодных краінаў». У рэйтынгу, дзе найвышэйшы ўзровень свабоды краіны ацэньваецца ў 100 балаў, Беларусь набрала 19. Найгоршы беларускі паказнік «несвабоды» – у сферы захавання палітычных правоў.

У выніку Беларусь апынулася дзяржавай з самым горшым паказнікам свабоды ў Еўропе па версіі Freedom House. У справаздачы міжнароднай арганізацыі адзначаецца, што ў 2018 годзе ў Беларусі былі ўведзеныя «новыя законы аб СМІ, якія яшчэ больш абмежавалі журналістаў, што і так працавалі ў жорсткіх умовах».

Наагул па ўзроўні свабодаў у даследаванні Freedom House Беларусь апынулася паміж В’етнамам і Камерунам. Па паказніку несвабоды наша краіна толькі крыху абганяе Расею.

Пры гэтым Расея ў 2018 годзе прадэманстравала нязначна лепшы паказнік свабоды, чым Беларусь, але апынулася зусім побач з 20 баламі.

Разам з тым у многіх постсавецкіх краінах паказнікі ў рэйтынгу яшчэ горшыя. Сярод іх Азербайджан, Таджыкістан і Узбекістан. А Туркменістан і зусім заняў другое месца па «несвабодзе» у свеце, прапусціўшы наперад толькі Сірыю, у якой узровень свабоды – 0 балаў.

Характэрна, што сярод былых краінаў СССР «свабоднымі» назвалі толькі Літву, Латвію і Эстонію. Украіна, Малдова, Кыргызстан, Грузія і Арменія патрапілі ў спіс «часткова свабодных» дзяржаў.

Тры першыя пазіцыі ў рэйтынгу займаюць Фінляндыя, Нарвегія і Швецыя, якія набралі па 100 балаў.

«Падзенне Берлінскай сцяны ў 1989 годзе і распад Савецкага Саюзу ў 1991 годзе адкрылі шлях для фармавання або аднаўлення ліберальна-дэмакратычных інстытутаў не толькі ва Усходняй Еўропе, але і ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, Афрыцы на поўдзень ад Сахары і Азіі. У выніку ў перыяд з 1988 па 2005 год адсотак краінаў, якія трапілі ў рэйтынг «несвабодная свабода ў свеце», знізіўся амаль на 14 пунктаў (з 37 да 23 %), а доля свабодных краінаў вырасла (з 36 да 46 %). Гэты ўсплёск прагрэсу зараз пачаў адступаць. У перыяд з 2005 па 2018 год колькасць несвабодных краінаў вырасла да 26 адсоткаў, а доля свабодных краін знізілася да 44 %», – адзначаецца ў справаздачы.

Такім чынам, эксперты заўважаюць дэмакратычны адкат у свеце, які назіраецца ўжо 13-ы год запар.

Hавiны
У рэйтынгу эканамічнай свабоды Беларусь паміж Малі і Камбоджай
2019.01.28 16:12

СК, belsat.eu

Стужка навінаў