Беларус з Барсэлоны: «Крэмль тут муціць ваду? Гэта абсалютна недарэчна»


Беларус з Барселоны. Крэмль муціць ваду ў Каталунні?

Беларус з Барселоны распавядае ці Крэмль муціць ваду ў Каталунні. Чаму каталанцы прагнуць незалежнасці? Ці багацце – галоўны фактар? Больш у сюжэце "Мадрыду прыйдзецца дамаўляцца з Барселонай" >>>https://bit.ly/32BejA5

Opublikowany przez «Прасвет» на «Белсаце». Рэальная карціна свету Wtorek, 22 października 2019

У Барсэлоне – зноў горача. Правадыры незалежнікаў – у турмах, прэзідэнт Каталунні – у эміграцыі. Пратэсты, якія пачаліся на мінулым тыдні, скончыліся ўсеагульным пятнічным страйкам. Ці могуць паразумецца Мадрыд і Барсэлона, і што пра змаганне мяцежнай правінцыі за незалежнасць ад Каралеўства Іспанія думае беларус, якія жыве ў Каталунні?

Рэзкай рэакцыяй вуліцы – а дакладней, жыхароў Барсэлоны, скончылася рашэнне Вярхоўнага Суда Іспаніі, які паставіў кропку ў справе рэферэндуму 2017 года, калі незалежнасць Каталунні ад Мадрыду падтрымалі больш за 2 млн чалавек, ці 90 % з тых, хто ўзяў удзел у плебісцыце.

Дзевяць каталанскіх палітыкаў атрымалі тэрміны ад 9 да 13 гадоў за падбухторванне да паўстання. Пры гэтым дзяржаўнае абвінавачанне прасіла для падсудных увогуле да 25 гадоў.

Hавiны
Каталунскія лідары руху за незалежнасць атрымалі ад 9 да 13 гадоў турмы
2019.10.14 13:02

Гаворыць Пэдра Санчэс, прэмʼер-міністр Іспаніі:

«Ведаючы вырак Вярхоўнага Суда, я хачу выказаць абсалютную павагу іспанскага ўраду да яго. Гэтая пастанова завяршае судовы працэс, які быў праведзены, і я хачу падкрэсліць гэта, з усімі гарантыямі ды абсалютнай празрыстасцю, у адпаведнасці з правам дэмакратычнай і сацыяльнай краіны, якою ёсць Іспанія».

Падобныя меркаванні гучалі і на вуліцах іспанскай сталіцы.

Каментуюць жыхары Мадрыду:

«Я думаю, што спроба паўстання была цалкам даказаная, і яны мусілі атрымаць максімальнае пакаранне».

«Што датычыць прысуду, я думаю, што добра, што няма агульнага ўспрымання беспакаранасці. Складана сказаць, ці на 4, ці на 6, ці на 15 гадоў яны мусяць быць асуджаныя. Гэта вырашыў Вярхоўны Суд, і мы павінныя цяпер выконваць прысуд, і ўсё».

Паводле звестак агенцтва «Reuters», кансенсусу ў пытанні незалежнасці ў жыхароў Каталунні няма. Апытанне, якое было праведзенае ў ліпені, паказала, што незалежнасць ад Мадрыду падтрымліваюць 44 % жыхароў Каталунні. Супраць аддзялення – 48 %. Але тых, хто выступае за адзіную Іспанію, прынамсі ў Барсэлоне, цягам тыдня відаць не было, на вуліцах тут вялі рэй прыхільнікі незалежнасці.

Гаворыць Карлэс Пучдэмон, былы прэзідэнт Каталунні:

«Прысуд Вярхоўнага Суда Іспаніі ў дачыненні чальцоў ураду і парламенту Каталунні пацвярджае стратэгію рэпрэсіяў і помсты ўсім тым грамадзянам, якія імкнуліся да дэмакратыі. Асуджаючы палітыкаў, яны асуджаюць больш за два мільёны чалавек, якія зрабілі магчымым рэферэндум аб самавызначэнні 1 кастрычніка».

Разам з прысудам Вярхоўны Суд Іспаніі выдаў новы запыт на арышт Карлэса Пучдэмона, які вымушана застаецца ў Бельгіі. Ужо ў эміграцыі ён быў абраны дэпутатам Еўрапарламенту, але законатворчай дзейнасці яму не ўдасца пачаць. Еўрадэпутаты прымаюць прысягі ў мясцовых парламентах. У Мадрыдзе ж Пучдэмона дакладна чакае арышт.

Сітуацыю каментуюць жыхары Барсэлоны, сталіцы Каталунні:

«Наш урад быў абраны, у палітыкаў была праграма, у якой было сказана, што яны будуць працаваць на правядзенне рэферэндуму. Асуджаныя зрабілі тое, што абяцалі зрабіць, у адрозненне ад большасці палітыкаў. Як народ мы пачуваемся жорстка зняважанымі ўрадам Іспаніі».

«Мы тут, каб сказаць, што нашыя палітычныя лідары не вінаватыя».

Hавiны
Барсэлона паралізаваная праз страйкі і пратэсты
2019.10.18 22:58

Цягам тыдня ў Барсэлоне на вуліцы выходзілі дзясяткі тысяч чалавек. Па тлумачэнні, чаму для аўтаноміі пытанне незалежнасці дагэтуль гэтак востра стаіць на палітычным парадку дня, мы звярнуліся да блогера Паўла Кірылёнка, беларуса, які ўжо 10 гадоў жыве ў Каталунні:

«Каталанцы прагнуць незалежнасці таму, чаму яе прагнуць усе іншыя нацыі. Гэта вельмі важна зразумець, бо каталанцы – сапраўды нацыя. Гэта не проста нейкі рэгіён, які хоча аддзяліцца ад дзяржавы, бо ён самы багаты і не хоча дзяліцца з астатнімі сваім багаццем. Гэты фактар эканамічны, ён таксама існуе, але ён не адзіны, і ён нават не галоўны. Каталанцы гэта нацыя, якая сфармавалася некалькі стагоддзяў таму, яшчэ ў сярэднявеччы на каталанскай мове пісаліся навуковыя трактаты, юрыдычныя дакументы».

Пры гэтым жа суразмоўца «Белсату» дадае: гэта найперш барацьба правінцыі ды цэнтру. Шукаць нейкай трэцяй сілы тут не варта. Палітыкі ў Барсэлоне перадусім імкнуцца да перамоваў з Мадрыдам, і гэта галоўнае, чаго дамагаюцца дэманстранты.

Павел Кірылёнак, блогер, гід з Барселоны:

«Казаць, што тут ёсць нейкі замежны ўплыў – расейскі ці яшчэ нейкі, што гэта Крэмль тут ваду муціць, – гэта абсалютна недарэчна. Усе гэтыя версіі мне нагадваюць размовы пра тое, што беларусы ці ўкраінцы змагаюцца за незалежнасць, бо гэта Амерыка ці Польшча прагнуць пасварыць іх з вялікімі братам, з Расеяй. Не ведаю, гэта добра ці кепска, але яны нікому не патрэбныя, акрамя Іспаніі».

Дзеля абʼектыўнасці варта адзначыць, што суворыя турэмныя тэрміны палітыкам, якія два гады таму ладзілі рэферэндум аб незалежнасці, моцна кантрастуюць з магчымымі ўмовамі адбывання пакарання. Пытанне рэжыму яшчэ застаецца адкрытым, але існуе мяккі варыянт, калі асуджаныя будуць абавязаныя толькі ночыць за кратамі, а ўдзень могуць заставацца на волі. Так ці інакш, але такі сцэнар не дадаў мясцовым жыхарам адчування справядлівасці.

На фоне пратэстаў і асуджаныя палітыкі, і былы прэзідэнт аўтаноміі Карлэс Пучдэмон застаюцца лідарамі партыяў, якія маюць большасць у мясцовым парламенце. А гэта азначае, што рана ці позна Мадрыду давядзецца сесці за стол перамоваў з тымі, хто патрабуе незалежнасці.

Аркадзь Несцярэнка belsat.eu

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 18.10.2019

Іншыя тэмы праграмы:

 

Стужка навінаў