Беларус Юрый Голуб заваяваў золата Паралімпіяды ў біятлоне


Юрый Голуб заваяваў залаты медаль у біятлоне ў катэгорыі B3 для спартоўцаў з парушэннямі зроку на XII зімовых Паралімпійскіх гульнях у Пхёнгчхангу.

Дыстанцыю ў 12,5 км з чатырма агнявымі рубяжамі ён пераадолеў за 39 хвіл. 23,7 сек. Срэбраным прызёрам стаў украінец Аляксандр Казік – + 2,7 сек., бронзавым – яшчэ адзін прадстаўнік Украіны Юрый Уткін (+56,2 сек.).

Для Юрыя Голуба залаты медаль у біятлоннай гонцы на 12,5 км – трэцяя ўзнагарода на Паралімпіядзе ў Пхёнгчхангу. Раней ён заваяваў срэбра ў лыжнай гонцы на 20 км у катэгорыі В3 для спартсменаў з парушэннямі зроку і стаў другім у біятлонным спрынце на 7,5 км.

Цяпер Беларусь у агульным медальным заліку займае 8 месца. На рахунку нашых спартоўцаў 7 медалёў – 2 залатыя ўзнагароды, 3 срэбра і 2 бронзы.

НМ/ДР, belsat.eu, паводле БелТА, фотаздымак Аляксея Кавалёва

Стужка навінаў