Беларус, які выдаваў сябе за ўкраінца на расейскім канале, шкадуе пра свой учынак


Расейскі блогер Ілля Варламаў выкрыў чарговы фэйк у адным з сюжэтаў пра Украіну, што быў у эфіры расейскага Першага каналу. У матэрыяле з Крывога Рогу малады чалавек, якога канал назваў удзельнікам Еўрамайдану Кірылам Чубенкам, насамрэч апынуўся жыхаром Менску Віталем Юрчанкам.

Віталь Юрчанка пацвердзіў «Белсату», што насамрэч, гэта ён. І распавёў нашаму тэлеканалу гісторыю стварэння гэтага відэасюжэту.

«Я працаваў аналітыкам у кампаніі, якая займаецца відэаздымкамі, шукае аператараў па ўсім свеце, дзе здарацца нейкія падзеі. І калі яны атрымоўваюць замову, то робяць здымкі. Такая замова паступіла на здымкі з Украіны. Трэба было з Крывога Рогу знайсці сям’ю, ці чалавека, які пацярпеў нейкім чынам ад таго, што няма ацяплення, ці газа. Там знайшлі аператара, які зняў бы гэта. Аператар у сваю чаргу знайшоў, ці то сямʼю, ці то асобу і зняў рэпартаж пра яго і даслаў у нашую кампанію прадзюсарам, якія займаюцца гэтым пытаннем. Але высветлілася, што матэрыял проста непрыдатны для трансляцыі, магчыма, што нешта было з гукам», – распавёў Belsat.eu Віталь Юрчанка.

Суразмоўца сказаў, што рашэнне кампанія прымала хутка і ў выніку пастанавіла: зняць усё тое ж самае, што знята ва Украіне, толькі зрабіць гэта ў Менску, у кагосьці ў кватэры.

«І неяк так атрымалася, што папрасілі зрабіць гэта ў мяне, я быў тады новы супрацоўнік. І чамусьці, паводле незразумелых прычынаў, хаця пазіцыя і ўся сітуацыя не адпавядае маім перакананням, але я чамусьці не адмовіўся. Проста не ведаю як гэта патлумачыць. Зняўся. Гэта, дарэчы, не мая кватэра. Мяне пераапранулі. Знялі. Мы вярнуліся назад».

Віталь кажа, што ў пэўны момант вырашыў, што не жадае ў гэтым прымаць удзел. Але было позна, матэрыял ужо адправілі замоўніку.

«У той момант я ўсвядоміў увесь жах, які адбыўся, якая гэта ганьба. Але ўжо не мог нешта выправіць. Выйшаў гэты сюжэт. І падаецца, ніякай рэакцыі не было. Але праз два тыдні стала вядома, што гэта я. І вось цяпер такім чынам разгортваюцца падзеі», – распавёў Віталь Юрчанка.

«Мне пачалі пісаць з пагрозамі, маўляў, як я мог так паступіць. А на самой справе мне і па заслугах гэта пішуць. Бо я ў такой сітуацыі… Мне вельмі сорамна. Не было ў мяне нейкіх правоў, каб здымацца ў гэтым сюжэце. Мне жахліва сорамна за гэтую ганьбу і, можа, на самой справе добра, што гэта стала вядома. Я вельмі перажываў і спадзяваўся, што гэта забудзецца і ніхто не ўзгадае, а паколькі выплыла, то цяпер я магу патлумачыць», – кажа суразмоўца.

Віталь кажа, што расейскі тэлеканал не плаціў яму грошай за здымкі ў гэтым сюжэце. Першы тэлеканал наўпрост атрымаў сюжэт, які і замаўляў. Віталь таксама ўпэўнены, што падрабязнасцяў пра здымкі тэлеканал не ведаў.

«Апублікавалі тое, што атрымалі, бо думалі, што гэта праўда. Гэта не была падробленая навіна, але рэальны матэрыял з Украіны. Я дапусціў памылку, калі даў згоду перазняцца ў сюжэце», – прызнаецца Віталь.

«Я вельмі раскайваюся, шчыра. Не знаходжу сабе месца. Вельмі хачу апраўдацца за гэта», – падсумоўвае Віталь Юрчанка.

Hавiны
Даклад у брытанскім парламенце: фэйкавыя навіны ў інтэрнэце выцясняюць рэальныя
2018.07.29 17:04

СК, belsat.eu

Стужка навінаў