Беларус, які ваюе на Данбасе. Глядзіце новы фільм Антося Цялежнікава


«Білорус» – новая стужка рэжысёра рэзананснага фільму пра «Правы cектар» «Добраахвотнікі».

Герой фільму нарадзіўся ва ўсходняй Беларусі. Ён быў на Майдане, а цяпер бярэ ўдзел у баявых дзеяннях недалёка ад Данецку. Беларус змагаецца ў шэрагах добраахвотніцкага корпусу «Правы сектар» – вайсковай адзінкі, якою расейская прапаганда пужае сваіх суграмадзянаў. Галоўны герой рызыкуе сваім жыццём дзеля вольнай і непадзельнай Украіны, бо верыць, што ад гэтага будзе залежаць лёс і ягонай айчыны – Беларусі.

На Данбасе на ўкраінскім баку ваююць каля 100 беларусаў. Што матывуе маладых хлопцаў узяць зброю ў рукі, распавядае  рэжысёр фільму Антось Цялежнікаў:

«Яшчэ нейкіх 25 гадоў таму насельніцтва СССР не задавалася пытаннямі, што рабілі іх суайчыннікі падчас грамадзянскай ў Іспаніі, В’етнаме, Егіпце ці Афганістане. Усё гэта прыгожа называлася «інтэрнацыянальным абавязкам». Чаму нашыя народы былі абавязаныя аддаваць сваё жыццё, ніхто не можа патлумачыць дагэтуль

Затое асабіста я лічу, што цяпер для беларусаў такая сапраўдная інтэрнацыянальнай салідарнасць адбываецца не дзесьці ў Афрыцы ці на Блізкім Усходзе, а тут, у нашых суседзяў украінцаў. Крамлёўскія ўлады развязалі чарговую братазабойчую вайну. На покліч сэрца яшчэ ў часы Еўрамайдану ва Украіну прыехалі дзясяткі беларусаў, якія пабачылі ўсю несправядлівасць, якая адбывалася ў той час ва Украіне, яны бачылі яскравыя паралелі рэжыму Януковіча і цяперашняга рэжыму ў нашай краіне. Аднак перамога Майдану стала і пачаткам вайны на ўсходзе Украіны, і шмат якія беларускія патрыёты не змаглі пакінуць у гэты цяжкі час братні народ, прыехалі і новыя.

Гэтыя людзі цвяроза ўсведамляюць, што ад таго, ці пераможа Украіна ў гэтай бязлітаснай вайне, залежыць наўпрост і будучыня Беларусі, ці «рускі мір» не паглыне нас наступнымі. Ахвяруючы сваім жыццём, яны могуць цвёрда разлічваць на ўзаемную салідарнасць і падтрымку ўкраінскага народу».

Песня «Не здавайся!» і музыка, якая гучыць у фільме, напісаная Алесем Чаркашыным, бардам, беларускім валанцёрам-капеланам ва Украіне, з якім рэжысёр пазнаёміўся на фронце.

Жаўнер з пазыўным «Білорус» не мае ўкраінскага грамадзянства, і з прававога гледзішча ягонае перабыванне на фронце нелегальнае. Ён не можа разлічваць ні на ўзнагароды, ні на пенсію. За далейшым лесам «Білоруса» ды іншых нашых суайчыннікаў, якія змагаюцца ва Украіне,  можна сачыць тут.

belsat.eu

Стужка навінаў