Беларус, які спрабаваў зрабіць Адэскую народную рэспубліку, выйшаў на свабоду


Паводле актывіста «Правага сектару» Сяргея Стэрненкі, беларус Алег Ткачук у траўні 2014-га страляў на вуліцы Дэрыбасаўскай па тых, хто выйшаў на абарону Украіны

Прыморскі суд Адэсы даў Алегу Ткачуку тры гады ўмоўна. Цяпер ён на волі.

Пра прысуд беларусу Алегу Ткачуку па мянушцы Бульбаш, у «Фэйсбуку» напісаў Сяргей Стэрненка, былы лідар адэскага «Правага сектара».

Сяргей Стэрненка – былы ўдзельнік «Правага сектара»

«Алег Ткачук – грамадзянін Беларусі 1979 года нараджэння, які сядзеў у беларускай турме за згвалтаванне, разбойны напад, крадзеж і рабаванне. Пасля гэтага ён вырашыў пасяліцца ў Украіне і пераехаў у Адэсу», – піша ён.

«На пачатку 2014 года Ткачук уліўся ў шэрагі «антымайдану» і стаў чальцом тэрарыстычнай прарасейскай групы «Адэская дружына», – сцвярджае Стэрненка.

Узімку і ўвесну 2014-га ў Адэсе трывала супрацьстаянне паміж прыхільнікамі Майдану і Антымайдану. 2 траўня ў цэнтры гораду распачалася бойка паміж праўкраінскі настроенымі грамадзянамі, ультрас футбольных клубаў «Чарнаморац» і «Металіст» з аднаго боку, ды прарасейскімі сіламі з іншага. У пэўны момант на вуліцы Адэсы выйшлі людзі са зброяй і кактэйлямі Молатава. У выніку 43 асобы загінула і каля сотні былі параненыя. Фота – Napaki

Актывіст кажа, што беларус браў актыўны ўдзел у адэскіх сутыкненнях 2 траўня 2014-га: «страляў па тых, хто выйшаў на абарону Украіны».

Паводле актывіста, на здымку – менавіта Бульбаш

Ён адзін з тых, хто хацеў нашай смерці і ўсталявання ў Адэсе аналага «ДНР» – гэтак званай АНР, – заяўляе Стэрненка.

Праз 2 тыдні пасля правальнай спробы спецслужбаў РФ тут ўсталяваць кантроль Ткачука затрымала СБУ. І хутка адпусціла на волю, падаўшы яму па справе 2 траўня статус сведкі.

Баявік нядоўга думаў і драпануў назад у Беларусь. Але там яго затрымалі зноў і асудзілі на 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі за парушэнне рэжыму адбыцця пакарання, – піша Стэрненка. – Ткачук адседзеў, высвятліў, што ва Украіне для яго цяпер бяспечна, і зноў пераехаў у Адэсу, дзе ажаніўся з даўняй сяброўкай.

У Адэсе яго зноў затрымалі па падазрэнні за «удзел у масавых беспарадках» па справе падзеяў траўня 2014-га, і зачынілі ў СІЗА. У турме ён прабыў некалькі месяцаў, пасля чаго Прыморскі раённы суд Адэсы асудзіў яго суд яго на 3 гады ўмоўна.

За злачынства, звязанае са спробай распачаць у Адэсе вайну, Ткачуку далі ўмоўны тэрмін. То бок, адпусцілі на свабоду, – піша былы ўдзельнік «Правага сектару»

Стэрненка піша, што ані прэса, ані грамадскасць не ведалі пра працэс, а пракуратура не збіраецца аспрэчваць прысуд.

  • На самога Сяргея Стэрненку заведзеная крымінальная справа паводле артыкулаў ч. 5 арт. 27 (дапамаганне) і ч. 3 арт. 307 (вытворчасць, выраб, набыццё, захоўванне, перавозка, перасылка або збыт арганізаванай групай наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў або з прыцягненнем малалетняга, або ў дачыненні да малалетняга) Крымінальнага кодэкса Украіны. Актывіст лічыць справу «працягам палітычных рэпрэсіяў – помстай за актыўную апазіцыю да дзейных уладаў Адэсы».

ДД

Стужка навінаў