Беларус, які на заробках у Расеі забіў двух землякоў, атрымаў 17 гадоў калоніі


Віцебскі абласны суд вынес прысуд па злачынстве, здзейсненым на тэрыторыі Расеі.

Пра гэта паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда Беларусі.

Злачынства адбылося яшчэ ў лютым 2014 года.

Знаходзячыся ў Расеі і працуючы там у складзе брыгады на пілараме, будучы п’яным, 34- гадовы абвінавачаны разам разам з двума іншымі саўдзельнікамі (таксама беларусамі – іх асудзілі ў Маскве ў 2015 годзе) напаў на трох землякоў. Апошніх збівалі, як мяркуюць у судзе, жадаючы забіць, з асаблівай жорсткасцю, «рукамі, нагамі, у тым ліку абутымі, драўлянай бейсбольнай бітай, драўляным крэслам, тапаром». Канфлікт узнік з-за асабістых непрыязных адносінаў.

Ад атрыманых траўмаў двое пацярпелых памерлі на месцы. Забойства трэцяга не давялі да канца, як адзначае прэс-служба Вярхоўнага суда, «праз незалежныя ад абвінавачанага абставіны».

Пасля абвінавачаны знік, і яго абвесцілі ў вышук. Затрымалі ўжо ў Беларусі, у сувязі з чым далейшае расследаванне праводзілі ў нашай краіне.

Суд прызнаў мужчыну вінаватым у групавых злачынствах: замаху на забойства двух і больш асобаў і забойстве двух асобаў, учыненых з асаблівай жорсткасцю. Прысуд – 17 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Абвінавачаны павінен выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды сястры і ўдаве забітых – Br 20 тыс. і Br 32 тыс. адпаведна. Пацярпелы, які выжыў, не заяўляў пазову аб матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды.

Прысуд у законную сілу не ўступіў, ён можа быць абскарджаны.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў