Беларусь выслала ў Эквадор 50 тонаў гуманітарнай дапамогі


Эквадор папрасіў нашую краіну дапамагчы даць рады наступствам разбуральнага землятрусу.

Беларускі транспартны самалёт выляцеў у Эквадор з 50 тонамі гуманітарнага грузу.

«Акцыя праводзіцца паводле рашэнні кіраўніцтва Беларусі ў межах міжнароднай кампаніі салідарнасці, разгорнутай пасля наймацнейшага землятрусу ў прыбярэжных эквадорскіх правінцыях Манабі і Эсмэральдас 16 красавіка 2016 года. У выніку найцяжэйшай за апошнія 67 гадоў катастрофы загінула больш за 600 чалавек, тысячы людзей засталіся без прытулку», – заявіла прэсавая служба МНС.

«Боінг-747» грузавой авіякампаніі «ТрансАвіяЭкспарт» даставіць у горад Манта намёты, коўдры, перасоўныя дызельныя электрастанцыі ды раскладныя ложкі агульным коштам на Br 6 млрд.

«З улікам далёкай адлегласці «ТрансАвіяЭкспарт» дало паветранае судна, якое паводле сваіх характарыстык забяспечыць дастаўку на такую далёкую адлегласць. Упершыню груз будзе дастаўлены на адлегласць больш за 11 тысячаў кіламетраў. Палёт будзе нялёгкім. Вага складае каля 50 тон. Гэта даволі вялікая вага», – сказаў намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Беларусі Аляксандр Худалееў.

У арганізацыі гуманітарнай аперацыі бяруць ўдзел міністэрствы замежных справаў, транспарту і камунікацыяў, прамысловасці, МНС. Ратавальнікі суправаджаюць груз і адказваюць за яго перадачу ўладам Эквадора.

Плануецца, што самалёт прызямліцца на вайсковай базе побач з Мантай у аўторак.

У межах візіту беларуская дэлегацыя разам з прадстаўнікамі беларускай амбасады ў Эквадоры наведае эпіцэнтр катастрофы ў раёне горада Партавіеха.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў