Беларусь vs Кыргызстан. Ці можна параўноўваць рэвалюцыі?


«Не хачу застацца ў гісторыі прэзідэнтам, які праліў кроў і страляў ва ўласных грамадзянаў», – заявіў 15 кастрычніка прэзідэнт Кыргызстану Сааранбай Джээнбекаў і падаў у адстаўку.

Пратэсты ў Кыргызстане ўспыхнулі 5 кастрычніка праз незадаволенасць афіцыйнымі вынікамі парламенцкіх выбараў. Увечары пратэстоўцы ўварваліся ў будынак Белага дому ў Бішкеку, дзе месцяцца парламент і адміністрацыя прэзідэнта. Потым пайшлі ў Камітэт нацыянальнай бяспекі і вызвалілі з-пад варты экс-прэзідэнта Алмазбека Атамбаева, а наступнаю раніцаю захапілі будынак ураду. Людзі таксама запатрабавалі адстаўкі Джээнбекава. Той у выніку абвесціў у Бішкеку надзвычайнае становішча, паўторна арыштаваў Атамбаева. Новым прэм’ерам прызначылі Садыра Жапарава, які заявіў, што вядуцца перамовы пра сыход Джээнбекава.

Прыхільнікі прэмʼер-міністра Кыргызстану Садыра Жапарава правялі акцыю каля гасцініцы Ісык-Куль з патрабаваннем распусціць парламент. 15 кастрычніка, Бішкек.
Фота: Abylai Saralayev / TASS / Forum

Гісторыя пытання

4 кастрычніка ў Кыргызстане адбыліся парламенцкія выбары: паводле афіцыйных вынікаў, перамаглі партыі, блізкія да сямʼі прэзідэнта краіны Сааранбая Джээнбекава і былога намесніка кіраўніка мытні Раіма Матраімава. Незалежныя даследаванні ў дачыненні апошняга паказалі, што ён звязаны з вывядзеннем з краіны 700 мільёнаў долараў.

Падчас выбараў незалежныя назіральнікі заяўлялі пра фальсіфікацыі ды подкуп выбарнікаў. Адразу пасля абвяшчэння вынікаў на вуліцы Бішкеку выйшлі пратэстоўцы. Яны запатрабавалі прызнаць галасаванне несапраўдным. Прыхільнікі апазіцыі захапілі Белы дом (будынак парламенту і адміністрацыі прэзідэнта), а таксама вызвалілі з СІЗА палітвязняў. Сярод іх быў і былы прэзідэнт краіны Алмазбек Атамбаеў.

Гэта адбылося ў ноч на 6 кастрычніка. У выніку ЦВК прызнала вынікі выбараў несапраўднымі.

Меркаванні
Кыргызстан: у крузе рэвалюцый
2020.10.07 12:00

Прэмʼер-міністр Кубатбек Баронаў падаў у адстаўку. Новым кіраўніком ураду выбралі Садыра Жапарава – яго напярэдадні таксама вызвалілі з СІЗА. Ён адбываў арышт за арганізацыю закалотаў.

Чацвёртага прэзідэнта Кыргызстану Алмазбека Атамбаева затрымалі праз чатыры дні пасля вызвалення з СІЗА ўдзельнікамі масавых пратэстаў, пасля чаго суд перавёў яго пад хатні арышт.

Ужо ўдзень 10 кастрычніка ў Бішкек увялі вайсковую тэхніку ў межах рэжыму надзвычайнага становішча, які дзеіць з 9 да 21 кастрычніка. На падʼездах да цэнтральнай плошчы Ала-Тоў зʼявіліся не менш за дзесяць бронетранспарцёраў і столькі ж вайсковых «КамАЗаў», а таксама браняваны аўтамабіль і патрульныя машыны. Пазней у Бішкеку ўвялі каменданцкую гадзіну – з 21:00 да 05:00. Такі загад выдаў новы камендант Бішкеку, намеснік кіраўніка МУС Кыргызстану Алмаз Аразаліеў. Каменданцкая гадзіна распаўсюджваецца на ўсіх грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, акрамя дзяржаўных і муніцыпальных службоўцаў, чыя праца звязаная з камендатурай.

15 кастрычніка, Бішкек.
Фота: Abylai Saralayev / TASS / Forum

У Бішкеку забаранілі масавыя імпрэзы, у тым ліку мітынгі і шэсці. Сваім загадам камендант гораду таксама ўвёў асаблівы рэжым уезду і выезду з гораду. Акрамя гэтага, у Бішкеку абмежавалі продаж алкаголю.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя Кыргызстану, на 9 кастрычніка падчас пратэстаў у Бішкеку пацярпелі 1218 чалавек, больш за 200 з іх шпіталізаваныя. Мэрыя Бішкеку папярэдне ацаніла шкоду для гораду ў хадзе акцыяў пратэсту з 5 кастрычніка на 213 тысяч долараў.

А што ў Беларусі?

Падчас пратэстаў у жніўні – верасні 2020 года супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў ад дзеянняў сілавікоў у Менску пацярпелі не менш за 1376 чалавек, пра гэта паведамляе рэдакцыя «Медиазоны», з якою звязалася ананімная крыніца і перадала архіў матэрыялаў Следчага камітэту аб траўмах пратэстоўцаў у Менску. Варта адзначыць, што гэтыя звесткі адлюстроўваюць толькі звароты грамадзянаў у СК. Аднак рэальная колькасць пацярпелых можа быць большая.

Партызанскі марш
Менск падчас акцыі пратэсту 18 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

МУС Беларусі заявіла, што гатовае выкарыстоўваць баявую зброю для разгону масавых акцыяў пратэсту. Пра гэта казаў намеснік міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч. Дасюль пацверджаных выпадкаў выкарыстання баявой зброі супраць пратэстоўцаў у Беларусі не было. Для разгону пратэстаў міліцыя рэгулярна ўжывае несмяротную зброю – вадамёты, святлошумавыя гранаты, гумовыя кулі, дубінкі. У выніку дзеянняў міліцыі падчас акцыяў пратэсту, паводле звестак праваабаронцаў, загінулі як мінімум пяцёра асобаў.

З пачатку пратэстаў у Менску да адміністратыўнай адказнасці прыцягнулі каля трох тысячаў чалавек, 275 асобаў сталіся фігурантамі крымінальных справаў, заявіў пракурор сталіцы Алег Лаўрухін.

Менск падчас акцыі пратэсту 18 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

«Дрэнны прыклад для Лукашэнкі»

– Прэзідэнт Кыргызстану Сааранбай Джээнбекаў заявіў пра сыход у адстаўку на фоне масавых пратэстаў у краіне. Ён адзначыў, што для яго «мір у Кыргызстане, цэласнасць краіны, адзінства народу і спакой у грамадстве вышэйшыя за ўсё», – кажа Belsat.eu палітолаг Валер Карбалевіч. – Які дрэнны прыклад для Лукашэнкі. Бо зараз усе будуць параўноўваць беларускую сітуацыю з кіргізскаю. Вось там ёсць прэзідэнт, які пайшоў у адстаўку, ёсць, аказваецца, у свеце прэзідэнты, якія дбаюць пра народ, якія не трымаюцца «ссінелымі пальцамі за крэсла», для якіх важна, у якім вобразе яны застануцца ў гісторыі. Ды яшчэ заявіў, што не хоча ўвайсці ў гісторыю чалавекам, які пралівае кроў. І што інтарэсы краіны важнейшыя за ўладу. І на гэтым фоне зусім супрацьлеглая пазіцыя Лукашэнкі. Тут, безумоўна, напрошваецца параўнанне, і яно не на карысць Лукашэнкі. У Беларусі ўсё з дакладнасцю да наадварот.

– Ці можна гэтыя рэвалюцыі наагул параўноўваць?

– Параўноўваць, вядома, можна ўсё. Але сітуацыя ў Кыргызстане вельмі адрозніваецца ад беларускай. Там няма такога маналітнага палітычнага рэжыму, як у Беларусі. Там ёсць барацьба кланаў поўначы ды поўдня. І каб падтрымліваць стабільнасць у краіне, трэба балансаваць на кіроўных пасадах паміж інтарэсамі гэтых двух рэгіёнаў. Там апазіцыя ёсць у парламенце, у мясцовых органах улады. Беларускі палітычны рэжым вельмі кансалідаваны, ён маналітны, у ім няма прадстаўнікоў кланаў, няма прадстаўнікоў грамадства. Беларускія дзяржаўныя інстытуты ніяк не прадстаўляюць інтарэсаў беларускага грамадства, там няма наагул апазіцыі ды прадстаўнікоў народу. У нас улада ўяўляе сама сябе. Менавіта таму ўсе спробы маральна-сілавога ціску на дзяржаўныя інстытуты ў Беларусі не прывялі да іх расколу, да таго, каб яны падтрымалі пратэсты. У гэтым прынцыповае адрозненне Беларусі ад Кыргызстану. І там парламент ёсць рэальнай уладаю. Там партыя, якая перамагла на выбарах у парламент, фармуе ўрад. А беларускі парламент – гэта пустое месца. Яшчэ ў Кыргызстане мяняліся прэзідэнты, там ёсць традыцыя паспяховых рэвалюцыяў.

belsat.eu

Стужка навінаў