«Беларусь ужо іншая». Эксперты адказваюць на пытанне: чым скончыцца контрнаступ уладаў


Працоўныя ААТ «Горадня Азот» страйкуюць на прадпрыемстве. Горадня, Беларусь. 19 жніўня, 2020 г.
Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

У Беларусі ідзе 12-ты дзень пратэстаў. У дачыненні да Каардынацыйнай рады апазіцыі ўжо распачалі крымінальную справу паводле артыкулу 361 КК за спробу захопу ўлады і нанясенне шкоды нацыянальным інтарэсам Беларусі. Што атрымалася зрабіць за гэты час і якія ў пратэсту перспектывы – распавядаюць эксперты.

Пасля затрымання и збицця 9–11 жніўня каля 7000 асобаў, улады зменшылі хвалю рэпрэсіяў. Але ў якасці рэакцыі на іхныя гвалтоўныя дзеянні ад падтрымання Аляксандра Лукашэнкі пачалі масава адмаўляцца журналісты дзяржаўных медыяў, дзеячы культуры і нават некаторыя чыноўнікі ды сілавікі.

Хваляванні ахапілі дзясяткі прадпрыемстваў ва ўсёй краіне, работнікі якіх пачалі выстаўляць палітычныя патрабаванні, абвяшчаць страйкі ці рыхтавацца да іх абвяшчэння, ігнаруючы заявы ўладаў і самога Лукашэнкі. Найбуйнейшай акцыяй пратэсту за гэты час зрабіўся марш 16 жніўня, калі ў Менску і гарадах па ўсёй краіне выйшлі сотні тысяч пратэстоўцаў.

Мітынг у Горадні 19 жніўня.
Фота: Васіль Малчанаў / belsat.eu

Але і ўлады, сабраўшыся з сіламі, пайшлі ў контрнаступ. Зноў пачаліся затрыманні, хай пакуль і не такія масавыя, на страйкоўцаў ціснуць, а стратэгічныя кадры, як журналістаў БТ ці АНТ, замянілі журналістамі з Расеі. Пачалася арганізацыя акцыяў «за бацьку» наводле прынцыпу добраахвотна-прымусовага ўдзелу бюджэтнікаў. Улады Горадні, якая на пэўны час зрабілася самым вольным горадам Беларусі, зноў вяртаюць усе абмежаванні і разрываюць дадзеныя пратэстоўцам абяцанні.

Больш за тое, у дачыненні да Каардынацыйнай рады апазіцыі ўжо распачалі крымінальную справу паводле артыкулу 361 КК за спробу захопу ўлады і нанясенне шкоды нацыянальным інтарэсам Беларусі.

«У Беларусі адбываецца рэвалюцыя»

Ці атрымаецца ва ўладаў пераламаць пратэст?

Як заявіў у каментары «Белсату» палітолаг Валер Карбалевіч, у Беларусі адбываецца рэвалюцыя, а «першыя трое содняў пасля выбараў мы можам назваць грамадзянскай вайной».

На Пушкінскай гарэў фаер.
Фота: Belast.eu

У сваю чаргу палітолаг Валерыя Касцюгова падкрэсліла «неверагодную масавасць» акцыяў пратэсту, «неверагодныя, вельмі вынаходлівыя і вельмі натхняльныя прыклады разнастайных акцыяў, якія падтрымліваюць пратэстоўцаў» і падключэнне розных сацыяльных групаў: працоўных заводаў, настаўнікаў, медыкаў.

«Гэта вельмі добрая сеткавая арганізацыя пратэсту. Як паказвае досвед гэтага часу, напэўна, сёння гэта нашмат больш эфектыўна за звыклыя нам у мінулым спробы цэнтралізаванага пратэсту», – заявіла палітолаг.

Галоўным жа вынікам пратэстаў Валерыя Касцюгова лічыць тое, што сёння, 20 жніўня, людзі па-ранейшаму не ўпэўненыя ў выніку выбараў, якія прайшлі 9 жніўня, у тым, што Лукашэнка сапраўды перамог.

Не можа быць ніякага кампрамісу

Валерыя Касцюгова лічыць рэакцыю ўладаў на пратэст прадказальнай, акрамя «неверагоднага гвалту, катаванняў, здзекаў».

«У мінулыя гады рэжым заўсёды абапіраўся на гвалт, але не пераходзіў пэўнае рысы, што дазваляла падтрымліваць усё ж такі дыялог з Захадам, калі рэжым вырашаў, што ён яму патрэбны. А тут відавочна, што рэпутацыю рэжыму выправіць ужо немагчыма. Перадусім рэпутацыю самога Лукашэнкі», – заявіла яна.

16 жніўня 2020 года на марш за Свабоду выйшлі каля 300 тыс. менчукоў і жыхары іншых гарадоў. Фота Belsat.eu

На думку Валера Карбалевіча, цяпер у Беларусі назіраецца раўнавага сілаў, калі ніводны з бакоў не можа перамагчы. На ягоную думку, паміж бакамі таксама не можа быць ніякага кампрамісу, бо «Лукашэнка ні да якога дыялогу не схільны». Таму канфлікт можа развязацца толькі абсалютнай перамогай аднаго з бакоў, падкрэсліў палітолаг.

Паводле яго, улады зараз перахопліваюць ініцыятыву і рыхтуюць сілавы сцэнар.

«Калі грамадства, народ, не праявіць нейкае волі і не выявіць яшчэ большага пад’ёму, то, думаю, гэта спрацуе», – адзначыў ён.

Канкурэнтны фактар

Разам з тым Валерыя Касцюгова мяркуе, што рэжым спазняецца з рэакцыяй на прыёмы пратэстоўцаў.

«Гэта [рэакцыя ўладаў. – «Белсат»] па-свойму і няблага, бо пратэстоўцы стамляюцца, часткова могуць страчваць матывацыю. А тут пэўны канкурэнтны фактар з’яўляецца, які можа натхніць быць яшчэ больш вынаходлівымі, яшчэ больш шматлікімі», – адзначыла яна.

На думку палітолага, такая канкурэнтавасць можа прывесці пратэстоўцаў да новых, нечаканых крокаў. Пры гэтым яна мяркуе на падставе ўскосных прыкметаў, што нягледзячы на рашучасць Лукашэнкі працягнуць акцыі здушэння і гвалту, «масавы гвалт, які быў на вуліцах 9 – 11 жніўня, не так ужо і лёгка зладзіць».

Лукашэнка атрымаў карт-бланш?

Як мяркуе палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, пераход уладаў у контрнаступ можа сведчыць пра тое, што Лукашэнка атрымаў карт-бланш на свае дзеянні ад прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.

«Па-другое, гэта можа сведчыць пра паводзіны як у апошні раз, ад безнадзейнасці, бо такія выпадкі ў гісторыі вядомыя, напрыклад, у Румыніі», – заявіў ён.

Разам з тым, на ягоную думку, гэты контрнаступ наўрад ці дапаможа Лукашэнку пераламаць сітуацыю, бо «Беларусь ужо іншая». Паводле яго, хоць на пратэставыя акцыі супраць Лукашэнкі, магчыма, стала выходзіць менш людзей, у падтрыманне выходзяць яшчэ менш.

«У людзей страху няма. Я яго не бачыў. Беларусы прыслухаліся да запавету Яна Паўла ІІ да палякаў: «Не бойцеся!» Яны [палякі. – «Белсат»] пераламалі сітуацыю», – падкрэсліў Раман Якаўлеўскі.

А. Г. Лукашэнка выступае перад сваімі прыхільнікамі на мітынгу. 16 жніўня 2020 г. Менск, Беларусь.
Фота: Ірына Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Палітычны аглядальнік дадаў, што «будучыні Беларусі з Лукашэнкам няма».

Максім Гацак belsat.eu

Стужка навінаў