Беларус у Швейцарыі: як стаць паспяховым і не страціць самога сябе?


Звычайны хлопец з Бабруйску пакінуў родны дом у 22 гады: ажаніўся са швейцаркай. Мінула 11 год: у яго вялікая сям’я, не менш значная адказнасць у беларускай дыяспары ды процьма планаў і пачынанняў. Belsat.eu пазнаёміўся са старшынём Асацыяцыі беларусаў у Швейцарыі Алесем Сапегам.

З Алесем мы сустрэліся ў Менску ўвечары 21 чэрвеня. На запрашэнне Міністэрства замежных справаў ён прыехаў на Усебеларускі сход у якасці госця. У цішотцы з «Пагоняй», са сцяжком у аўце – ён так і гуляў па горадзе. «Заўтра я ўжо так апрануты не буду, канешне, але і таго значка прышпільваць сабе не буду», – смяецца Алесь.

«Усім, што я маю, я абавязаны скаўтынгу»

«Калі я паступіў у тэхнікум, пайшоў у скаўты. Мяне спачатку не хацелі браць, бо я быў вельмі праблемным. У мяне былі сябры, сярод якіх панавалі воўчыя законы: былі і алкаголь, і бойкі. Калі ты панк, трэба біцца з гопнікам», – пачынае аповед Алесь.

Юнака прывабліваў экстрым і вандроўкі. Аказалася, што скаўтынг – гэта перадусім духоўная загартоўка.

«Я вельмі ўдзячны свайму лідару. Тым, кім я зараз з’яўляюся, – гэта ўсё скаўтынг», – пераканана кажа суразмоўца.

Скаўцкай супольнасці YMCA ў Бабруйску Алесь яшчэ і абавязаны жонкай. Аднойчы на летнік прыехалі скаўты са Швейцарыі. Мілена была сярод іх.

Сёння іхныя двое старэйшых дзяцей таксама скаўты, яшчэ двое меншых пакуль падрастаюць. Сужэнства Сапега з’яўляюцца кантактнымі асобамі паміж арганізацыямі скаўтаў у Бабруйску (YMCA) і ў Швейцарыі (CEVI). На сямейным гербе Алеся і Мілены геральдыст намаляваў сімвал скаўтаў усяго свету – лілею. Усё дзякуючы скаўцкаму руху пара пазнаёмілася.

Што да шляхетнага прозвішча і сваяцтва з ягонымі вядомымі ўладальнікамі Алесь мае падрыхтаваны адказ: «Не ведаю. Паўтары месяцы таму я пачаў пошук каранёў. Каб не падпісвацца пад чужой славай, я кажу, што мы не сваякі. Праўда, часам такое прозвішча дапамагае: у тэхнікуме, ва ўніверсітэце, на мяжы».

Дзядзькаванне як у Караткевіча

Хоць сувязь з магнацкім родам Алесь пакуль не знайшоў, адзін учынак ягонай сям’і быў сапраўды высакародным.

У 2013 годзе Сапегі пераехалі жыць у Бабруйск на адзін год. Для Алеся і Мілены важна выхоўваць дзяцей і ў беларускай культуры, а што можа быць лепей за жыццё ў родным асяродку?

«Мы ехалі грузавіком: ложкі, матрацы, ровары – усё! Нам нават на мытні казалі: куды вы едзеце?.. Са Швейцарыі ў Беларусь?! Карацей, нас ніхто не зразумеў, але пазітыву было больш чым негатыву», – расказвае Алесь.

Самым складаным было сабраць дакументы для віду на жыхарства для Мілены: талоны, чэргі, аплата. Першы раз гэта ўспрымалася як прыгода, але пазней пачало прыносіць сапраўдныя стрэсы.

«Таксама з мінусаў, што мы згубілі працу там, бо давялося звольніцца, – падсумоўвае пераезд у Бабруйск Алесь. – Нашы дзеці настолькі звыклыя да шматмоўя і да таго, што мы не ўдома! Магчыма, пераедзем сюды на зусім, калі яны скончаць школу. Але гэта яшчэ год дзесяць дакладна пройдзе».

Цяпер Мілена часта прыязджае ў Менск сама: яна танчыць у балеце і выкладае ў школе замежных моваў.

Беларусы хаваюць, што яны беларусы

Швейцарская дыяспара на Дзяды

Алесь ачольвае Асацыяцыю беларусаў у Швейцарыі чацвёрты год. Ён сам калісьці і спрычыніўся да з’яўлення такога аб’яднання.

«Праз 6 год, як я прыехаў, я патэлефанаваў у амбасаду і спытаўся пра арганізацыю беларусаў. Мне сказалі, што нічога няма, ёсць толькі людзі, якія задаюць такія пытанні, і запрасілі на размову. Праз 2 месяцы ў амбасадзе адбылося паседжанне, дзе мы стварылі арганізацыю» – узгадвае суразмоўца.

Ён згаджаецца, што за мяжой нашы людзі асімілююцца вельмі хутка. Часам ён знаёміўся з суайчыннікамі ў вельмі нечаканых сітуацыях.

«Аднойчы ехаў у аўтобусе, размаўляў па-беларуску. Затым я мусіў перасаджвацца ў цягнік. За мной, як хвосцік, пайшла дзяўчына. Урэшце яна кажа: «Вой, як прыемна пачуць беларускую мову пад Цюрыхам! У Беларусі не пачуеш, а тут!» Цяпер яна сябра нашай арганізацыі. Такіх гісторый вельмі шмат», – узгадвае Алесь.

У Асацыяцыі амаль 30 сяброў, а інфармацыйную рассылку атрымліваюць больш за 200 адрасатаў.

У адрозненні ад Польшчы, дзе беларусы жывуць больш-менш сканцэнтравана, у маленькай Швейцарыі яны раскіданы ўсюды. Гэта студэнты, кантрактнікі, ёсць і ўцекачы.

«У нас мерапрыемствы праходзяць: канцэрт – у Базылі, Гуканне вясны – у Цюрыху, Купалле – у Бэрне, Дзяды – у Фрыбургу», – расказвае пра мясцовыя асаблівасці Алесь.

Са Швейцарыяй звязаны лёсы трох значных для Беларусі асобаў. У прыгарадзе швейцарскага Фрыбура пахаваная княгіня Магдалена Радзівіл-Завіша. У Салатурны скончыў жыццё Тадэвуш Касцюшка. Яшчэ адзін беларус, што пакінуў след у Швейцарыі – паплечнік Кастуся Каліноўскага Леон Варнерке. Біяграфіі ўсіх іх вывучае дыяспара.

Алесь Сапега паказаў belsat.eu раней нідзе не апублікаваныя фота Магдалены Радзівіл. Здымкі да яго трапілі ад нашчадка княгіні, з якім выпадкова пазнаёміліся сябры дыяспары. Таксама ў дыяспары нарадзілася ідэя паставіць помнік Тадэвушу Касцюшку ў Салатурны побач з кватэрай-музеем нацыянальнага героя.

«Я зараз сустракаўся з Вольскім, дамовіліся, што ён прыедзе да нас зімой, – распавядае Алесь. – Усё ж дыяспара – гэта не проста таньчыць і спяваць. Мы вырашылі рухацца далей за святы».

Дырэктарка рускай школы ў Цюрыху прапанавала на сваёй базе адкрыць беларускамоўны клас. Настаўніца і вучні знайшліся не адразу. Цяпер разам з Сапегамі вучыць дзетак роднай мове жадаюць яшчэ дзве сям’і.

«Трэба пачынаць з 2-3 вучняў і, можа, праз гады, будзе паўнавартасная школа, – лічыць Алесь. – У любым разе мы не закрылі гэта праект. Для мяне нашмат важней за святкаванне Купалля».

Надзеі на метраполію

«Я лічу, што людзі, якія разлічваюць на падтрыманне, слабыя і слабыя іх арганізацыі», – нечакана адказвае Алесь.

Ён кажа, што Асацыяцыя беларусаў у Швейцарыі не піша заявак на гранты і не бярэ грошаў у беларускай амбасады. Яны не адзначаюць ані Дзень Незалежнасці, ані Дзень Волі ды трымаюцца «нейтральна і аўтаномна»: «Мы сябруем з усімі: не на пазіцыях падпарадкавання, але партнёрства», – кажа Алесь.

У падтрымку такой пазіцыі Алесь Сапега прыводзіць прыклад іншых аб’яднанняў беларусаў за мяжой. У Літве, Польшчы, ЗША сваркі з-за грошаў і маёмасці, на жаль, сталі звычайнай справай і ўжо выйшлі далёка за межы саміх супольнасцяў.

«Фінансаванне – гэта добра. Што будзе, калі яно знікне? Пакуль дыяспары не атрымліваюць грошы ад каго-кольвек, яны моцныя», – перакананы Алесь Сапега.

Сяброўскі ўнёсак у Асацыяцыі беларусаў у Швейцарыі – 50 долараў на год. У канцы пытаемся, у чым місія беларускай дыяспары за мяжой? Нефармальная амбасада ці кола сяброў па інтарэсах?

«Я лічу ў тым, каб папулярызаваць беларускую культуру і мову для швейцарцаў і славянскіх народаў, што тут жывуць», – падсумоўвае Алесь.

ХМ, belsat.eu

Стужка навінаў