Беларус у Кітаі: Тут у рэстаране еўрапейца пакормяць бясплатна і яшчэ і грошы заплоцяць


Усё часцей у пошуках лепшага жыцця беларусы едуць па заробкі не ў Расею, а ў Кітай. Там грамадзяне нашай краіны могуць атрымаць неблагія грошы.

Жыхар Івацэвіцкага раёну Дзмітрый Васілішын ужо некалькі месяцаў жыве ў Пекіне. Юнак шчыра прызнаецца, што хацеў бы працаваць і жыць на радзіме, але магчымасцяў і перспектываў пакуль што не бачыць. Дзмітрый пагадзіўся распавесці «Белсату», якім чынам і колькі сёння ў Кітаі можна зарабіць, і ці шмат беларусаў едуць далёка на Усход.

Дзмітрый Васілішын ужо некалькі месяцаў жыве ў Пекіне

Дзяўчыну з еўрапейскай знешнасцю садзяць у пакой і яна спявае

Адразу ж адзначым, што камунікаваць з Дзмітрыем было досыць складана. Кітайскі інтэрнэт зачыняе ўсе магчымыя замежныя сацсеткі і мэсэнджары, таму размова вялася з выкарыстаннем абыходаў блакавання, што моцна запавольвала хуткасць інтэрнэту.

«Яшчэ пяць гадоў таму ў Кітаі, калі ў кампаніі працавала пэўная асоба з Еўропы, – то гэта лічылася не толькі вельмі прэстыжным, але і паказнікам, што ўласнік фірмы багаты чалавек. Еўрапейская знешнасць тут лічыцца эксклюзівам. Таму гэта адчыняе магчымасці для заробку – зусім не адмыслоўцам, але і простым людзям з Еўропы. Напрыклад, адна фотасесія (пры гэтым зусім не абавязкова быць мадэльнай знешнасці ці папулярным чалавекам) на якую-небудзь рэкламу будзе аплачана ў эквіваленце каля 300 беларускіх рублёў. І гэта за пару гадзінаў», – распавядае Дзмітрый Васілішын. Сам беларус таксама зарабляе фотасесіямі.

Увогуле, кажа суразмоўца, надзвычай запатрабаваныя ў Кітаі сёння працаўнікі забаўляльнай сферы і еўрапейскія настаўнікі ангельскай мовы. Дарэчы, менавіта таму ў Менску зусім не складана знайсці нават адмысловыя курсы для тых, хто жадае паехаць працаваць у Паднябесную.

Еўрапейская знешнасць у Кітаі лічыцца эксклюзівам

Забаўляльная сфера – таксама магчымасць добра зарабіць, дзеля гэтага нават не трэба быць артыстам ці танцорам.

«Шмат аб’яваў на вуліцах гарадоў пра тое, што на працу патрэбныя дзяўчаты з еўрапейскай знешнасцю. Дзяўчат запрашаюць на працу кшталту караоке – тут гэта называецца «кіціві». Сутнасць працы ў тым, што дзяўчына разам з кітайскімі наведнікамі рэстарацыі або кавярні сядзіць у асобным пакоі ды спявае. Да дзяўчыны ніхто нават дакрануцца не можа, бо тут досыць строгія законы на гэты конт. Ведаю, што калі раптам дзяўчына паскардзіцца на кагосьці з наведнікаў, яго адразу ж выведуць з кавярні», – распавядае Дзмітрый.

Добрая зарабіць у Кітаі можна ў забаўляльнай сферы

Калі ў рэстарацыю прыходзіць еўрапеец, гэтае месца аўтаматычна прыцягвае кітайцаў

Досыць запатрабавальныя ў Кітаі і танцоры. Запрашаюцца цэлыя групы танцораў на працу, нават на ўвесь сезон.

«Працадаўца танцорам аплачвае квіткі, што вельмі важна, і робіць візу. Увогуле я сутыкнуўся нават з тым, што еўрапейцаў, якія наведваюць рэстарацыю падчас абеду, неверагодна рады бачыць. Гаспадары рэстарацыі гатовыя наведнікаў з Еўропы бясплатна частаваць. Рэч у тым, што калі ва ўстанову наведваецца еўрапеец, то гэтае месца аўтаматычна прыцягвае кітайцаў. Таму еўрапейскім наведнікам, каб заахвоціць прыйсці сюды яшчэ раз, уласнікі кавярняў акрамя бясплатнай ежы нават плацяць грошы», – кажа Дзмітрый.

Паводле Дзмітрыя Васілішына, каб працаваць у Кітаі, зусім не абавязкова валодаць кітайскай мовай.

«Цікава, што кітайцы, якія размаўляюць на ангельскай, часта працуюць агентамі, яны вядуць пошук еўрапейскіх гуртоў, танцораў і прапаноўваюць ім ангажэмент у Кітаі. За гэта агенты атрымліваюць камісію ад працадаўцы. Таму тут вельмі шмат агентаў працаўладкавання. І займаюцца такой дзейнасцю ўсё часцей украінцы, расейцы, беларусы. Можна не працаваць, а атрымліваць грошы за працаўнікоў», – кажа суразмоўца «Белсату».

Паводле Дзмітрыя Васілішына, каб працаваць у Кітаі, зусім не абавязкова валодаць кітайскай мовай

Мінімальны заробак для еўрапейца ў Кітаі – 1500 долараў

Зарабіць у Кітаі не адмыслоўцу з Еўропы можна даволі прыстойна. Дастаткова шукаць фотасесіі, здымкі, праграмы, удзел у рэкламных кампаніях.

«Мінімум, што можа зарабіць у Кітаі чалавек з еўрапейскай знешнасцю, – 1500 долараў за месяц. Але ведаю людзей, якія прызвычаіліся і адаптаваліся і шмат працуюць, то ў месяц яны маюць і 2000, і 3000 долараў – менавіта ў забаўляльнай сферы», – кажа Дзмітрый Васілішын.

Дзмітрый адзначае, што харчаванне каштуе адносна нядорага. А вось жытло, кватэры каштуюць прыкладна столькі ж, як у Маскве (сярэдні кошт арэнды жытла ў расейскай сталіцы зараз 800 долараў. – Belsat.eu).

Мінімальны заробак для еўрапейца ў Кітаі – 1500 долараў

Дзмітрый таксама адзначае, што сумуе па доме, які застаўся за некалькі тысяч кіламетраў, але гэта змушанае расстанне, бо зарабіць у Беларусі надта складана. Хоць ён марыць, што некалі створыць свой бізнес у Беларусі – калі зменяцца ўлада і сістэма ў краіне. Пакуль жа на радзіму юнак збіраецца прыехаць толькі дзеля таго, каб зрабіць працоўную візу ў Кітай. Грамадзянам нашай краіны без візы ў Паднябеснай можна заставацца ўсяго некалькі месяцаў на год.

СК/Belsat.eu

Стужка навінаў