Беларусь свядома не пусціла пскоўскіх дэсантнікаў на парад 3 ліпеня – эксперт


Адсутнасць расейскіх дэсантнікаў на парадзе ў Дзень незалежнасці Беларуі адзначыў аналітычны партал Belarus Security Blog. Па меркаванні аўтараў парталу, гэта выклікана пазіцыяй афіцыйнага Менску.

«Традыцыйна ў вайсковых парадах у Беларусі ўдзельнічаюць расейскія вайсковаслужбоўцы. Апошнія гады (з 2011 па 2016) у складзе пешай калоны парадным разлікам маршыравалі пскоўскія дэсантнікі», – гаворыцца ў артыкуле.

Аднак расейская 76-я гвардзейская дэсантна-штурмавая дывізія, якая дыслацыраваная ў горадзе Пскоў удзельнічала ў анексіі ўкраінскага Крыму ўвесну 2014 году, а таксама былі заўважаныя падчас вайсковых дзеянняў на Данбасе ў жніўні гэтага ж году.

Сайт інтэрнет-даследванняў bellingcat.com лічыць, што прынамсі 40 жаўнераў з пскоўскай дывізіі загінулі ў жніўні ва Украіне.

Упершыню расейскі ўдзел у беларускім парадзе быў абмежаваны толькі авіяцыяй. Пра прычыны афіцыйна не паведамляецца, аднак верагоднасць самастойнай адмовы Масквы ад адпраўкі сваіх дэсантнікаў у Менск можна нават не разглядаць, лічыць Belarus Security Blog.

Парадны разлік Сілаў спецыяльных аперацый арміі Беларусі на парадзе 3 ліпеня 2017 году.

Можна з упэўненасцю казаць, што рашэнне прыняў Менск, які прыслухаўся да меркавання Захаду і Украіны.

«Гэта была кансалідаваная пазіцыя заходніх краін, да якой далучылася Украіна. Да беларускага Міністэрства замежных справаў было даведзена, што паўтарэнне мінулагодняга фармату ўдзелу расейскіх вайскоўцаў у парадзе на 3 ліпеня не застанецца без наступстваў», – распавёў кіраўнік Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў, спасылаючыся на інфармаваныя крыніцы.

Удзел у вайсковым парадзе ў Менску расейскіх вайсковых частак, якія ўдзельнічалі ў агрэсіі супраць Украіны, Захад і Кіеў не маглі не палічыць правакацыяй і несяброўскім актам.

«Рашэнне па настолькі далікатным пытанні мог у Беларусі прыняць толькі адзін чалавек – Лукашэнка. І калі ён не пабаяўся ўскладніць адносіны з Расеяй, то значыць гэтыя адносіны і так праблемныя», – гаворыцца ў артыкуле.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў