Беларусь супраць Малдовы ў Лізе нацый УЕФА – дзякуючы ёй можам «па-лёгкаму» трапіць на Еўра


Фота БФФ

Нашая каманда стартавала з упэўненай перамогі. Сёння – праверка Малдовай.

Што такое Ліга нацый

На сайце Саюзу еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) гаворыцца, што гэта новае спаборніцтва, якое заменіць большую частку таварыскіх гульняў матчамі турнірнага значэння і дазволіць зборным гуляць з роўнымі па моцы супернікамі.

Каманды разбітыя на чатыры дывізіёны ў адпаведнасці з рэйтынгам, кожны з якіх уключае чатыры або тры групы. Пераможцы чатырох групаў Лігі А ў чэрвені сустрэнуцца ў фінальнай стадыі, каб вызначыць лепшага. Пераможцы астатніх групаў – пойдуць на павышэнне. Да таго ж 16 пераможцаў групаў Лігі нацый згуляюць у стыкавых матчах за права выступу на ЕЎРА-2020.

То бок, калі Беларусь зойме першае месца ў групе, то трапіць у плей-офф кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы па футболе – а тут ужо адзін крок да фінальнай стадыі кантынентальнага першынства.

Застанецца толькі па суме двух матчаў перамагчы свайго суперніка ў «стыках». Дагэтуль трапіць на фінальны турнір Еўра можна было толькі праз доўгую класічную кваліфікацыю, якая ніколі не давалася беларускім футбалістам.

З кім гуляе Беларусь

Нашая каманда выступае ў самым ніжэйшым дывізіёне, у групе D1. Супернікі беларусаў – Сан-Марына, Малдова ды Люксембург.

Першых беларускія футбалісты 8 верасня разграмілі на сваім полі – 5:0. Гэта добры старт, але сённяшні супернік, Малдова, больш складаны. У першым матчы малдаване пацярпелі паразу ад Люксембургу (0:4), тым не менш увечары чакаецца бескампраміснае супрацьстаянне.

Каманду ж Люксембургу калісьці адносілі да так званых «футбольных карлікаў», але тыя часы даўно мінулі. У мінулай кваліфікацыі Люксембург выступаў у адной групе з Беларуссю і нават апярэдзіў нас у турнірнай табліцы (нашая каманда скончыла адбор на апошняй, шостай пазіцыі ў групе А). На сваім полі нашыя хлопцы згулялі з люксембуржцамі ўнічыю, 1:1, а вось на выездзе саступілі 0:1. Вось як тую апошнюю сустрэчу пракаментаваў вядомы беларускі футбаліст Аляксандр Глеб:

«Люксембуржцы перагулялі нас ва ўсіх сэнсах. Я таксама са зборнай прайграваў Люксембургу. Гэта карлікавая дзяржава прыбаўляе. Рэальна цяжка з імі гуляць. Яны не толькі зборнай Беларусі, але і топавым зборным псуюць нервы і паказваюць добры футбол».

Федэрацыя футболу заваблівае заўзятара, міліцыя – праганяе

Перад матчамі Лігі нацый Федэрацыя футболу Беларусі рэалізавала некалькі маркетынгавых ініцыятываў, якія мусяць павялічыць глядацкую цікавасць да галоўнай каманды краіны. Прэзентавалі новую форму, а таксама новага маскота – ваяра.

Абноўлены маскот

Шкада, што такія цікавыя ініцыятывы лёгка сапсаваць. На апошнім матчы супраць Сан-Марына здарылася непрыемная сітуацыя, калі міліцыянты затрымлівалі заўзятараў за бел-чырвона-белыя сцягі. Глядзіце пра гэта наш відэасюжэт:

Малдова – Беларусь. 11 верасня, 21:45, стадыён «Зімбру» (Кішынэў)

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў